Ад многіх чую, што Беларусь — гэта балота. Так, Беларусь — гэта балоты, і гэта выдатна! Хто не бачыў балот і не хадзіў па іх, наўрад ці ведае, што гэта адны з самых маляўнічых месцаў нашай краіны, гэта скарб не меншы, чым Нарач ці Белавежская пушча.

У Еўропе балот амаль не засталося. А нізінных балот — практычна нуль, тут з Беларуссю ніхто не можа пасупернічаць. Адно з такіх незвычайных і рэдкіх балот — Званец, якое размешчана на мяжы Кобрынскага і Драгічынскага раёнаў.

Гледзячы на гэтыя бясконцыя астраўкі ў ранішнім тумане, хацелася пайсці бясконца ўглыб гэтага вялізнага жывога арганізму і растварыцца сярод балотных абшараў. Але далёка ісці было цяжка: у канцы жніўня трава месцамі сягала ў мой рост. Ды і машына, што захрасла ў зыбучых пясках, казала, што лепш не па балотах гуляць, а заняцца пошукамі трактара. Таму я глядзеў больш вачыма дрона — ён паспеў нашмат больш за мяне.

Дарэчы, Званец — адно з любімых месцаў вяртлявай чаротаўкі, надзвычай галасістай птушачкі, у якой большая частка сусветнай папуляцыі гняздуецца ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?