Пад раніцу 31 снежня на вуліцы Зыбіцкай у Мінску адбылася бойка: малады чалавек вырашыў патанчыць на стале, старэйшы мужчына з іншай кампаніі зрабіў яму заўвагу. У выніку яны выйшлі на вуліцу разабрацца. Там маладзейшы мужчына некалькі разоў ударыў старэйшага, пасля чаго сышоў. А пабіты мужчына сканаў на вуліцы.

28-гадовага жыхара Гродна, які пабіў мужчыну, знайшлі і затрымалі. Але неўзабаве адпусцілі пад падпіску.

3 студзеня Аляксандра Чатырбока — так звалі загінулага — пахавалі. Яму было 46 гадоў.

Аляксандр Чатырбок, фота з сацсетак

Аляксандр Чатырбок, фота з сацсетак

У той жа дзень Следчы камітэт патлумачыў, чаму падазраванага адпусцілі: маўляў, тое, што менавіта бойка стала прычынай смерці, яшчэ не даказана. І ўвогуле, справа заведзеная не на хлопца з Гродна, а пакуль што па факце прычынення смерці па неасцярожнасці.

Гэта выклікала хвалю абурэння. У каментарах на сайтах і ў сацсетках актыўна абмяркоўвалася сітуацыя. Пакаранне за прычыненне смерці па неасцярожнасці адносна мяккае — максімум 3 гады зняволення. Каментатары падзяліліся на два лагеры. Адны ўпэўненыя: старэйшы мужчына сам вырашыў «павучыць жыццю» малодшага, і сапраўды не факт, што менавіта ўдар у твар стаў смяротным. Другія ж пачалі развіваць тэорыі, што хтосьці закінуў слова за падазраванага. Маўляў, калі гродзенца адпусцілі, то, значыць, ён сваяк ці то сілавіка, ці то дэпутата, ці то яшчэ кагосьці «няпростага».

Праўда, пазней у каментарах у фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова абвергла гэтую інфармацыю. Яна паведаміла, што

першыя ўдары нанёс сам пацярпелы, які быў вельмі моцна п’яны — у яго крыві знайшлі 2,9 праміле алкаголю. А падазраваны з простай сям’і, цяпер вучыцца ў каледжы па будаўнічай спецыяльнасці.

Асоба падазраванага пакуль невядомая.

«Наша Ніва» пагаварыла з блізкімі загінулага Аляксандра Чатырбока, каб паспрабаваць высветліць дэталі гэтай гісторыі.

Вядома, што Чатырбок працаваў кіроўцам мінскай маршруткі. Раней быў судзімы.

«Гэта даўно было, дэталяў я ўжо не памятаю, але ён быў судзімы за нейкія бойкі. Быў малады, гарачы. Першы раз сядзеў у турме, пасля была хімія. Калі закрылі на хімію, то была падобная гісторыя з гэтай бойкай на Зыбіцкай. Брат сядзеў у парку з дзяўчынай, хтосьці ішоў міма, штосьці там ляпнуў, ну слова за слова… і пачалася бойка. Патруль ішоў міма, і брата забралі.

Але хімію брат адбыў больш чым 10 гадоў таму. З тых часоў усё было нармальна. Аляксандр узяўся за розум, шмат працаваў», — распавёў «Нашай Ніве» Дзмітрый, брат памерлага.

У тую ноч Аляксандр распавёў сваёй сужыцельцы Таццяне, што пойдзе на сустрэчу з «сямейнікам» — так на крымінальным жаргоне называюць сукамерніка, з якім былі блізкія сяброўскія адносіны падчас зняволення. Але, сцвярджае Таццяна, ніякіх зносін з крымінальнікамі Аляксандр ніколі не падтрымліваў і звычайна бавіў час пасля працы дома.

«Ён быў не з тых, хто ў цывільным жыцці жыве па турэмных паняццях і пальцы веерам раскідвае. Ды і ўвогуле раней такога не было, каб ён адзін кудысьці хадзіў. У тую ноч — першы раз за сем гадоў нашага сумеснага жыцця. Прасіў мяне: калі ласка, можна я пайду?.. Я так не хацела пускаць…. Хто ж ведаў, што так атрымаецца», — узгадвае Таццяна.

Але, як высветлілася, Аляксандр пайшоў выпіць з калегам Артурам, які таксама працаваў кіроўцам маршруткі. Той Артур сцвярджае, што з Аляксандрам не сядзеў ані ў турме, ані на хіміі. Маўляў, быў проста калегам і захацеў выпіць разам са знаёмым.

«Мы былі калегамі, я Сашу даўно ведаю. Але ў госці адзін да аднаго не хадзілі. Прызнаюся, што нават не ведаў яго прозвішча.

І тут нешта знайшлася нагода, Новы год… Я адпачываў і вырашыў набраць Сашу. Пазваніў яму позна, пасля 12-й ночы. Кажу: прыязджай, павісім у караоке. Ён прыехаў. Я быў трохі нападпітку, грам 200 прыняў. Ён быў цвярозы. Са мной выпіў. Мы нармальныя былі, адэкватныя. Выпілі, можа, яшчэ бутэльку на дваіх, — распавёў Артур. —

Пасля выклікалі машыну, праязджалі міма Зыбіцкай, вырашылі выйсці і паглядзець, як людзі жывуць. Зайшлі ў бар. Не помню назву. Там купілі нейкі алкаголь. Але ўсё было прыстойна.

Пачалі гаварыць з суседняй кампаніяй. Размаўлялі нармальна, адзін у аднаму ў вочы глядзелі.

Я не разумею, як адбыўся канфлікт. Пра той танец на стале я чытаў у сацсетках, чуў ад следчых. Сам я такога не памятаю — выпіўшы быў, так… Але нішто не абяцала бяды, усё было роўна, акуратна, прыстойна.

Ахоўнік папрасіў выйсці на вуліцу. Я трохі затрымаўся ў бары, выходзіў апошнім. Думаў, яны яшчэ будуць гаварыць. Выйшаў і ўбачыў, як Аляксандр атрымлівае ўдар у твар. Я бачыў толькі адзін удар. Ну, думаю, падымецца. Ён не ўстае, кроў з носа цячэ… Я яму: «Саша, Саша!» Думаў, што ачуняе.

Тым часам тая кампанія знікла. А нейкая дзяўчына, што стаяла на вуліцы, выклікала хуткую. Хуткая доўга ехала… Ну і вось».

Артур кажа, што не памятае ані падрабязнасцяў канфлікту, ані таго, як выглядаў хлопец, які ўдарыў Аляксандра. Не бачыў ён і таго, ці біў Аляксандр хлопца першым. Але запэўнівае, што Чатырбок быў у адэкватным стане.

Таццяна, сужыцелька Аляксандра, таксама запэўнівае, што праблем у таго з алкаголем не было.

«Выпіваў часам, але як усе нармальныя людзі. Працаваў 2 праз 2, тут шмат піць не будзеш, бо перад працай жа медагляд. Апошні час увогуле Саша хатні быў — праца, дом.

Быў трохі халерык. Але апошнім часам больш спакойны… Канечне, калі хтосьці не тое скажа, то мог адказаць… Быў больш справядлівы. Добры чалавек, — кажа Таццяна. —

Але я бачыла ж цела на пахаванні. Там не адзін удар. Квадратная галава, там, дзе скроні, нос зрушаны… яго так загрыміравалі, што мы ледзь пазналі. Такое ўражанне, што білі ўвогуле не рукой, а нейкім прадметам».

Дакладная прычына смерці Аляксандра Чатырбока будзе вызначаная пасля судова-медыцынскай экспертызы, паведаміў Следчы камітэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?