Польскія праваахоўныя органы затрымалі арганізатара квестаў у Кашаліне, дзе ўспыхнуў пажар і загінула пяць непаўналетніх дзяўчат. Пра гэта паведаміў на брыфінгу ў нядзелю галоўны камендант паліцыі Польшчы Яраслаў Шымчык, паведамляе policja.pl.

«Адразу ж пасля трагедыі мы прынялі меры, накіраваныя на вызначэнне асоб, якія займаліся гэтай дзейнасцю. 28-гадовы жыхар Велькапольскага ваяводства, раней несудзімы, быў затрыманы паліцыяй і дастаўлены ў Кашалін», — сказаў Яраслаў Шымчык.

Сёння будуць дапытаны ўладальнік і наёмны работнік гэтага аб'екта.

Па словах прэм'ер-міністра Польшчы Матэуша Маравецкага, які ўдзельнічаў у брыфінгу, цяпер усё падобныя ўстановы падвяргаюцца дбайным праверкам, многія з іх будуць закрыты.

У Польшчы працуе больш за 1000 аб'ектаў тыпу escape room. Паводле інфармацыі, атрыманай ад галоўнага каменданта дзяржаўнай пажарнай службы Лешэка Сускага, учора выяўлены парушэнні ў 178 такіх месцах. Вызначана больш за 400 недахопаў, звязаных з правіламі эвакуацыі, а 13 такіх аб'ектаў было закрыта, 16 уладальнікаў аштрафаваны. Праверкі будуць працягнутыя.

Трагедыя адбылася ў пятніцу вечарам у горадзе Кашалін на паўночным захадзе Польшчы. Пажар успыхнуў у момант, калі ўдзельнікі знаходзіліся ў закрытым памяшканні, з якога яны павінны былі выбрацца, рашаючы галаваломкі. Пажарныя прыбылі на месца ў момант, калі агнём быў ахоплены ўвесь першы паверх будынка.

«Папярэднія высновы сведчаць аб тым, што на аб'екце было шмат парушэнняў. Абагравальныя прыборы, верагодна, знаходзіліся занадта блізка ад лёгкаўзгаральных матэрыялаў. У памяшканні мы таксама знайшлі свечкі, таму існуе і верагоднасць выкарыстання адкрытага агню», — інфармаваў Лешэк Сускі.

Памяшканне escape room мела плошчу 7,3 кв. м. Там знаходзіліся два крэслы і лямпа. «Для саміх удзельнікаў месца заставалася мала, — сказаў Лешэк Сускі. — Трагедыя адбылася галоўным чынам праз адсутнасць магчымасці для эвакуацыі людзей».

Загінулым дзяўчатам было па 15 гадоў. Адзін мужчына атрымаў цяжкія траўмы. Яго адправілі ў бальніцу.

Спачуванні блізкім загінулых выказаў міністр унутраных спраў Яхім Брудзінскі. Ён таксама адзначыў працу пажарнай службы. З прадстаўленай інфармацыі вынікае, што пажарная ахова выехала праз хвіліну з моманту атрымання заяўкі. На месцы была праз яшчэ 4 хвіліны. «На жаль, пажарныя прайгралі барацьбу за жыццё гэтых дзяўчат. Не праз адсутнасць прафесіяналізму, кампетэнтнасці і вопыту. Прайгралі яе тым, хто, кіруючыся жаданнем атрымаць лёгкі і хуткі прыбытак, вырак на смерць гэтых дзяцей», — заявіў Яхім Брудзінскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?