Алі Бонга, kremlin.ru

Алі Бонга, kremlin.ru

Вайскоўцы Габона абвясцілі пра захоп улады ў гэтай афрыканскай дзяржаве з мэтай аднаўлення дэмакратыі ў краіне, паведамляе Associated Press (AP). Узброеныя людзі захапілі ў сталіцы Габона дзяржаўную радыёстанцыю, а пазней у эфір дзяржаўнага тэлебачання быў выпушчаны зварот да народа, піша РБК.

Зачытаў зварот лейтэнант Кэлі Андо Абіанг, па баках ад яго стаялі ўзброеныя вінтоўкамі салдаты, ён назваў сябе лідарам «Патрыятычнага руху вайскоўцаў і спецслужбаў Габона», паведамляе Reuters. У сваім звароце ён заявіў, што пераварот накіраваны супраць таго, «хто баязліва забіў юных патрыётаў» у жніўні 2016 года.

Дзейны прэзідэнт Габона, 59-гадовы Алі бен Бонга Андзімба, атрымаў уладу ў спадчыну ад свайго бацькі Амара Бонга, які ўзначальваў краіну з 1967 па 2009 год. У 2009 годзе Алі бен Бонга Андзімба выйграў выбары, а ў жніўні 2016 года заявіў аб сваёй перамозе на новых выбарах. Апазіцыя, чыйго кандыдата прэзідэнт абышоў менш чым на 6 тысяч галасоў, вынікі выбараў не прызнала, заявіўшы пра фальсіфікацыі, пасля чаго ў Лібрэвілі прайшлі масавыя беспарадкі, падчас якіх быў спалены будынак парламента. Аднак Канстытуцыйны суд Габона прызнаў перамогу Алі бен Бонга Андзімбы, і ў канцы верасня 2016 года ён зноў быў абвешчаны кіраўніком дзяржавы.

У кастрычніку 2018 года Алі бен Бонга Андзімба быў шпіталізаваны ў Саудаўскай Аравіі пасля інсульту. З лістапада таго ж года ён праходзіць лячэнне ў Марока. У навагоднім звароце да нацыі прэзідэнт прызнаў, што мае праблемы са здароўем, аднак запэўніў, што ўжо папраўляецца.

Кэлі Андо Абіанг у сваім звароце 7 студзеня заявіў, што выступленне прэзідэнта, які не мог рухаць правай рукой і з цяжкасцю вымаўляў словы, узмацніла сумневы ў яго здольнасці выконваць свае абавязкі.

Прэс-сакратар Алі бен Бонга Андзімбы заявіў Reuters, што прэзідэнт неўзабаве выступіць са зваротам да нацыі.

Крыніца агенцтва, блізкая да ўрада Габона, паведаміла Reuters, што путчысты малаколькасныя. У той жа час жыхары Лібрэвіля паведамляюць AP, што вуліцы сталіцы патрулююць танкі і бронемашыны.

Пазней улады Габона абвясцілі пра задушэнне спробы ваеннага бунту ў краіне. Прэс-сакратар урада Габона Гі-Бертран Марангу паведаміў радыё RFI, што ўлады арыштавалі чацвярых з пяці афіцэраў, якія ўзялі ўдзел у спробе путчу. Пятаму ўдалося схавацца, у цяперашні час яго шукаюць.

Па дадзеных Reuters, ваенныя, верныя ўладам, ужылі слёзацечны газ, каб разагнаць каля трохсот праціўнікаў рэжыму, якія выйшлі на вуліцы Лібрэвіля ў падтрымку путчыстаў.

Габон з'яўляецца адной з найбагацейшых краін Афрыкі па ВУП на душу насельніцтва. Эканоміка Габона ў значнай ступені залежыць ад экспарту сыравіны, у тым ліку нафты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?