Былы палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія, хутчэй за ўсё, засталіся ў Вялікабрытаніі пасля гісторыі з спробай атручвання. Пра гэта піша The Telegraph са спасылкай на свае крыніцы ў службах бяспекі.
Яны мяркуюць, што Скрыпалёў размясцілі на поўдні Англіі. Там яны жывуць пад наглядам вузкага кола медыцынскіх экспертаў. Імаверна, Юлія нават атрымала працу — суразмоўцы выдання мяркуюць, што з яе веданнем рускай мовы гэта было б проста вырашыць.
Пры гэтым, нягледзячы на праграму абароны сведак, сям'я захоўвае кантакты з некалькімі блізкімі сябрамі як з Расіі, так і з Вялікабрытаніі, некаторыя з іх нават наведвалі Скрыпалёў летам, сцвярджаюць крыніцы The Telegraph.
Юлію Скрыпаль выпісалі з лякарні 10 красавіка, яе бацька выйшаў 18 мая. З тых часоў былы палкоўнік не кантактаваў з прэсай або з афіцыйнымі прадстаўнікамі ўладаў. Яго дачка дала адно інтэрв'ю агенцтву Reuters, у якім распавяла, што плануе вяртанне ў Расію ў доўгатэрміновай перспектыве, а пакуль знаходзіцца ў сакрэтным прытулку ў Лондане.