Актывісты «Чалюскінцаў авеню» сутыкнуліся з тым, што іх лісты, адпраўленыя камісіі, па ўказаным адрасе не даходзілі. Метадам спроб і памылак людзі выявілі, што пошта не працуе, бо ў ёй у частцы «gov» устаўленая кірылічная «о».

Скрыншоты з тэлеграм-канала «Чалюскінцаў Авеню».

Людзі задаваліся пытаннем: «Як у частцы «gov» можна было адначасова скарыстаць дзве раскладкі клавіятуры? Некаторыя мінчукі выказалі здагадку, што гэта было зроблена наўмысна, каб да камісіі не дапісаліся.

Мы датэлефанаваліся галоўнаму спецыялісту сектара будаўніцтва Упраўлення архітэктуры і будаўніцтва Першамайскага раёна, які непасрэдна адсочвае звароты грамадзян, каб высветліць, хто ж «зачараваў» іх пошту.

Вось такія памылкі выдавала спрба адправіць ліст.

— Мы ведаем пра такую праблему, гэта ўжо не ўпершыню. Але самі мы сайтам не займаемся — за яго адказвае Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама, куды мы перадаём усю інфармацыю. Напрамую тэлефанаваў туды — мне даюць ад варот паварот. Там нейкія праблемы з кадзіроўкай… Ужо даўно адміністрацыя шукае новага распрацоўшчыка сайта, але ў выніку ўсё заканчваецца на ўзроўні ідэі. Там сядзяць людзі перадпенсійнага ўзросту, якім не патлумачыш нічога…

Дык няўжо выправіць адну літару ў адрасе пошты — гэта такая складаная задача? З такім пытаннем мы звярнуліся ў Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама, які непасрэдна і займаецца падтрымкай сайта адміністрацыі Першамайскага раёна. Высветлілася, што ва ўпраўленні праектавання інфармацыйных тэхналогій пра такую праблему чулі ўпершыню.

Пасля нашага званка спецыялістка аддзела Вераніка адразу ж перапісала пошту лацінскімі літарамі ўручную, і лісты сталі даходзіць

«Тут справа ні ў якой не ў кадзіроўцы. Проста той, хто складаў дадзены ліст, дапусціў памылку ў паштовым адрасе, прапісаў частку рускімі літарамі. Мы ж самі нічога не размяшчаем. Што дасылаюць — тое і з’яўляецца на сайце, гэта не нашы памылкі», — патлумачылі ў Цэнтры інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?