Скрыншот кліпа Алены Ланской «Куточак Беларусі»
Па выніках 2018 года прысуджаны чатыры прэміі «За духоўнае адраджэнне». Сярод лаўрэатаў — аўтарскі калектыў у складзе Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка, якія былі адзначаны «за ўвасабленне тэмы малой радзімы ў сучасным эстрадным мастацтве, стварэнне цыкла высокамастацкіх вакальных твораў патрыятычнага напрамку», звяртае ўвагу Tut.by.
Юлія Быкава — аўтар музыкі і слоў, Яўген Алейнік — аранжыроўкі і запісу да песні Алены Ланской «Куточак Беларусi». Кліп да гэтай песні здымалі ў бацькоўскай хаце Лукашэнкі. «Гэты кліп не пра кагосьці асабіста, але ён пра кожнага з нас. У гэтым зборны вобраз дзяцінства кожнага беларуса ёсць і эпізоды з дзяцінства нашага кіраўніка дзяржавы», - распавядала Алёна Ланская.
У пачатку кліпа салідны мужчына ў класічным чорным паліто адкрывае браму вясковай хаты — той самай, прэзідэнцкай у Александрыі, - заходзіць у хату, сядае за стол, адкрывае фотаальбом. Той «ажывае» фотаздымкамі з дзяцінства. Вось хлопчык бяжыць па полі, імчыць на старэнькім ровары з авоськай хлеба міма гусей, косіць траву, арэ поле, сячэ дровы, ловіць рыбу, дапамагае маці даіць карову і пілуе бярвенне.
«Рабочыя» кадры змяняюцца фотам Александрыйскай школы, у якой вучыўся кіраўнік Беларусі. Ёсць у кліпе і дранікі, схопленыя з патэльні, і галоўны ласунак вясковага дзяцінства - чорны хлеб з варэннем.
Апроч таго, прысуджана:
— калектывам Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі за пераклад з арыгінальных моў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове, што садзейнічае прымнажэнню духоўнай спадчыны.
— калектыў Беларускага дзіцячага хоспіса ўдастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне» за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, сцвярджэнне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці, значны ўклад у стварэнне нацыянальнай сістэмы дзіцячай паліятыўнай медыцынскай дапамогі, будаўніцтва на дабрачыннай аснове і арганізацыю работы дзіцячага хоспіса ў пасёлку Вопытны Мінскага раёна.
— калектыў Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця за значны ўклад у сцвярджэнне маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці, рэалізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на сацыялізацыю асоб з абмежаванымі магчымасцямі.
Таксама былі прысуджаны дзевяць спецыяльных прэмій прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. Сярод лаўрэатаў - народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, адзначаны за стварэнне вострахарактарных вобразаў у спектаклях «Рэвізор» і «Школа падаткаплацельшчыкаў» Купалаўскага тэатра.
Уладальніца тытулаў «Міс Беларусь - 2018» і «Міс свету Еўропа» Марыя Васілевіч была ўдастоена ўзнагароды «за значны ўклад у развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва і актыўную дабрачынную дзейнасць».