kurjer.info

kurjer.info

Данііл Жданко — вучань 9-га класа СШ №13 Слуцка. Восьмага студзеня 14-гадовы хлопец не пабаяўся кінуцца ў палаючы дом, каб выратаваць суседа. Пакуль падлетак выбіваў вокны і дзверы дома, дарослыя жыхары вёскі Малая Падзер здымалі пажар на тэлефоны.

Еўрарадыё паразмаўляла з Даніілам і яго маці Анастасіяй пра тое, як усё здарылася, што кажуць у вёсцы і ці збіраецца Данііл стаць ратавальнікам.

Еўрарадыё: Данііл, што адбылося ў той дзень, як здарыўся пажар?

Данііл Жданко: Я спакойна ішоў дадому са школы. Гляджу, выбегла з дома суседка і крычыць: «Данік, я не ведаю, што мне рабіць. Каго зваць?». З некалькіх вокан якраз паляцелі шыбы, і рэзка вырвалася полымя. Я пабег у двор, пачаў браць ўсякія галінкі, палкі і біць імі ў іншае акно, каб і яго разбіць. Я крычаў — мала нехта пачуе, можа, там унутры ляжыць без прытомнасці ці яшчэ што-небудзь. У гэты час каля дома сабралася чацвёра дарослых: два пенсіянеры і двое маладых мужчын. Я пабег вакол дома, таму што веранда была з іншага боку. Выбіў дзверы, і адразу ж на мяне вылецеў здаравенны клуб дыму. Я пачаў кашляць, да мяне падбег нейкі невядомы мужчына, заскочыў у дом і стаў выцягваць гаспадара гэтага дома. Я заскочыў следам, і дапамог яму яго дастаць. Як раз у той момант прыехалі пажарныя. Мы паклалі мужчыну на снег, пажарныя падбеглі і забралі яго. Я, напэўна, з-за шоку, не ведаю, узяў заплечнік і ўцёк дадому.

«У школе сказалі, што не кожны дарослы на такое здольны»

Еўрарадыё: Што пасля гэтага выпадку пра вас кажуць у вёсцы?

Данііл Жданко: Адны кажуць, што я ў гэтай сітуацыі быў нейкім ценем: проста выбіў дзверы і ўцёк. Іншыя лічаць, што я як бы невялікі герой, маўляў, калі б не я, то сусед бы памёр. Шмат хто кажа, што малайчына, і ўсё. У школе таксама ўсе пра гэта ведаюць. Сказалі, што не кожны дарослы на такое здольны.

Еўрарадыё: Пажарныя ў курсе, што вы рабілі ўсё, каб выратаваць чалавека? Яны з вамі звязваліся?

Данііл Жданко: Я ж ўцёк. Ратавальнікі напэўна нават не ведаюць, што я там быў і нешта рабіў. Можа, толькі ў газеце ўбачаць.

Еўрарадыё: Што з чалавекам, якога вы выцягнулі з палаючага дома?

Данііл Жданко: Гаспадар дома жывы, мая мама кожны дзень тэлефануе ў бальніцу і пытаецца, як яго стан.

«У мяне не было часу думаць пра страх, рабіў тое, што трэба было, і ўсё»

Еўрарадыё: Не кожны чалавек можа кінуцца кагосьці ратаваць…

Данііл Жданко: Не ведаю, што мяне навяло на думку, але бацькі з дзяцінства распавядалі, што ў цяжкай сітуацыі трэба дапамагаць чалавеку. Я ўбачыў сабаку, які бегаў каля дома і брахаў. Я ведаў, што ў доме знаходзіцца яго гаспадар. Таму што дзе гаспадар, там і яго сабака. У мяне не было часу думаць пра страх, рабіў тое, што трэба было, і ўсё… Магчыма, я не разумеў да канца, што адбываецца, і, пасля таго як гэты мужчына выцягнуў гаспадара, я пабег дадому да бацькоў па дапамогу.

Еўрарадыё: Чым вы захапляецеся?

Данііл Жданко: Я займаюся мотаболам. Вось, купіў матацыкл за ўласныя грошы — збіраў некалькі месяцаў, працуючы з дзядулем у лесе. Мой дзядуля — майстар лесу. Тата — будаўнік, мама — выхавальніца. Ёсць дзве сястры.

Выцягнуўшы суседа з палаючага дома, Данііл Жданко пабег дадому. Дома была мама з маленькай сястрой.

kurjer.info

kurjer.info

«Бачыў, што дарослыя стаяць і бяздзейнічаюць»

Анастасія Жданко: Ён прыбег і крычыць на ўвесь дом: «Матуля! Матуля! Дзядзька Валера гарыць!». Рэакцыя ў мяне была, як у нармальнай маці, таму што ў нас сям'я дружная, зладжаная. Мы наогул заўсёды адзін за аднаго. У нас пытанняў не з’яўляецца пра тое, каб дапамагчы камусьці. Я, вядома, бягом туды. Там ужо акурат і пажарныя пад'ехалі…

Вядома, цяпер аднавяскоўцы рознае кажуць. Маўляў, што ён такога зрабіў? Выбіў дзверы і ўцёк, але ўцёк ён не ад страху. Ён уцёк за бацькамі. Таму што бачыў, што дарослыя стаяць і бяздзейнічаюць. А ён ведае сваю сям'ю, зладжаную каманду сваіх бацькоў, таму за намі і прыбег… Але наогул, кажуць, што малайчына. Калі б не выбіў дзверы, магчыма, і Валера не быў бы жывы.

«Матуля, як жа ты можаш так міма прайсці, цётцы ж дрэнна?»

Еўрарадыё: Як вы лічыце, у чым прычына такога гераічнага ўчынку? Што магло яго падштурхнуць на гэта?

Анастасія Жданко: Калі яму не было і пяці гадоў, мы з ім ішлі ў садок — жылі тады ў горадзе. Каля суседняга пад'езда валялася жанчына. Я не ведаю, ці была яна п'яная, ці ёй было дрэнна. Ён мне кажа: «Матуля, як жа ты можаш так міма прайсці, цётцы жа дрэнна?». Я яму: «Сыночак, мы спазняемся. Мы не можам з табой падысці дапамагчы «. Ён: «Матуля, я малю цябе. Давай ёй дапаможам». Я на хаду выклікала хуткую. Тлумачу, што я не ведаю, што з чалавекам, але яна проста ляжыць. І ён толькі тады супакоіўся. А ўвечары, калі яго забрала з сада, ён кажа: «Мама, а ты не ведаеш, каб там з той цёткай?». Я яму, вядома, ледзь-ледзь схлусіла. Сказала, што нічога страшнага, цётка засталася жывая. Таму я думаю, што гэта ўсё закладзена ў яго ўнутры. Вось гэтая дабрыня і жаданне несці радасць і дапамогу людзям.

kurjer.info

kurjer.info

«Данііл вельмі актыўны. Днём працуе, вечарам са сваімі таварышамі гуляе»

Еўрарадыё: А кім плануе стаць Данііл?

Анастасія Жданко: Пакуль планы мяняюцца кожны дзень, але апошнія падзеі яго жыцця, напэўна, згуляюць для яго важную ролю. У нас і да гэтага былі перадумовы, каб ён стаў МНСнікам. Ну, магчыма, магчыма.

Еўрарадыё: У школе як вучыцца?

Анастасія Жданко: Няблага. Ён вельмі таварыскі, камунікабельны хлапчук. Заўсёды ўдзельнічае ў грамадскім жыцці школы. Вось літаральна на канікулах зімовых гуляў у КВЗ, каманда заняла трэцяе месца.

Ён у нас вельмі актыўны. Кожнае лета працуе на канікулах, зарабляе грошы. То сам сабе мапед купіць, то мабільны тэлефон, то дасць нейкія смакоцці дадому, набытыя за ўласна заробленыя грошы.

Мне падабаецца, што ён праводзіць час з карысцю для сябе. Днём працуе, вечарам са сваімі таварышамі гуляе, забаўляецца. Пазалетась яны абсталявалі пляж на рэчцы — для сябе, для людзей, каб можна было прыйсці і пасядзець за столікам.

«Мама, я не зорка. Так павінен быў паступіць кожны чалавек, які сябе паважае»

Еўрарадыё: Як адчувае сябе сусед?

Анастасія Жданко: Я кожны дзень тэлефаную ў рэанімацыю. Сёння размаўляла з лекарам. Кажа, што стан стабільна цяжкі. Пакуль ён знаходзіцца ў бальніцы, яму нічога не трэба, але калі паправіцца, яму ж патрэбныя будуць нейкія рэчы, усё ж згарэла, нічога не засталося. Пасля выходных займуся зборам рэчаў.

Еўрарадыё: Што вы ведаеце пра пацярпелага?

Анастасія Жданко: Ён добры мужчына, у нас яго называлі мясцовым парабкам, падпрацоўваў у розных людзей па гаспадарцы. Але жыве адзін. У мінулым ён спартсмен. Быццам бы баскетболам займаўся нават раней. Было такое, што ён трошкі і выпіваў. Але я вам скажу, выпівакі розныя бываюць. Ён сам сабе зарабляў, сябе забяспечваў.

Еўрарадыё: Ці чакаеце вы нейкую афіцыйную рэакцыю ад МНС або мясцовых уладаў?

Анастасія Жданко: Мы нічога ні ад каго не чакаем. Я сыну сёння жартам кажу: «Ну ты наша зорка!». А ён мне: «Мама, я не зорка. Так павінен быў паступіць кожны чалавек, які сябе паважае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?