У межах фэста-2019 з 1 па 9 лютага адбудзецца восем паказаў «Возера радасці», фільм паглядзяць на беларускай мове з англійскімі і французскімі субцітрамі.
Стужка Палуяна здымалася цалкам у Беларусі, з беларускімі ацёрамі і айчыннай музыкай для афармлення. Асноўнымі месцамі развіцця падзей сталі чатыры вёскі Ляхавіцкага раёна — Востраў, Альхоўцы, Ліпск і Любейкі.
Усе гэтыя краявіды можна пабачыць у афіцыйным трэйлеры фільма, які сёння стаў даступны масавай аўдыторыі.
TRAILER LAKE OF HAPPINESS from Aliaksei Paluyan on Vimeo.
Сваімі ўражаннямі ад трэйлера ўжо паспеў падзяліцца Віктар Марціновіч, аўтар кніжкі, якая і стала асноўным матэрыялам для караткаметражкі.
«Навіна пра тое, што фільм па «Возеры радасці» патрапіў у асноўную праграму фестываля ў Клермон-Феран, заспела мяне далёка ад Радзімы. Памятаю, як, атрымаўшы sms ад Аляксея, спусціўся да мора, якое было дужа неспакойным: хвалі малацілі ў бераг, шыпела пена, віравалі адбойныя плыні. Я глядзеў на ваду і думаў, што вось цікава: піянеры кінематографа здымалі прыбыццё цягніка, выхад працоўных з фабрыкі, але не здымалі такую цудоўную рэч, як прыбой ці шторм. Чаму? Мабыць, таму, што менавіта ў прыбыцці цягніка ці жыцці заводаў вынаходнікам кінематографа мроіўся подых часу, нерв эпохі, сугучны такой «мадэрновай» з'яве, як кіно. І вось, значна пазней, прыйшоў Таркоўскі і паглядзеў на ваду. І зразумеў, што кінематограф зроблены для таго, каб паказаць яе рухлівасць, яе хуткабежнасць, яе бляск. І з той пары вадой сталі захапляцца шмат якія мастакі. Тое самае — з Беларуссю ў «Возеры радасці» Аляксей Палуяна. Шмат хто да гэтага фільма выказваўся пра нашую краіну. Пра яе дзівоцтвы, пра яе загадкавасць і прыгажосць. Аляксей гэта робіць вельмі па-свойму, і ягоная мова зразумелая еўрапейцам.
Але ж самае светлае ў гэтай гісторыі — тое, што гераіню «Возера» Ясю грала дзевяцігадовая (на момант пачатку здымак) дзяўчынка Настасся Пляц, гадаванка магілёўскага інтэрната. Да гэтага моманту Настасся ніразу не была за мяжой. На пачатку лютага яна едзе ў Францыю зоркай фестывальнага кіно, з'явіцца на адным (а, можа, і не на адным!) з васьмі прэм'ерных паказаў. І мне вельмі радасна за яе. Думаю, такія падзеі, перажытыя ў дзяцінстве, застаюцца ў памяці на ўсё жыццё».





