Акцыі салідарнасці з сем’ямі зніклых людзей прайшлі 16 снежня ў розных раёнах Мінска.
На Кастрычніцкай плошчы ў 18 гадзін сямёра членаў аргкамітэта па стварэнні руху «Маладая Беларусь» сталі з партрэтамі палітыка Юрыя Захаранкі (знік у маі 1999 года) і журналіста Дзмітрыя Завадскага (знік у ліпені 2000 года). Праз некалькі хвілін яны былі выцесненыя з плошчы супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным за Палац Рэспублікі, а затым да перакрыжавання вуліц Янкі Купалы і Інтэрнацыянальнай. Увесь гэты час удзельнікі ішлі з партрэтамі зніклых. Акцыя завяршылася без затрыманняў.
У гэты ж час 25 прадстаўнікоў зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» сталі з партрэтамі зніклых Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага (зніклі ў верасні 1999 года), Ю.Захаранкі і Д.Завадскага каля кінатэатра «Беларусь». Партрэты віселі таксама на агароджы ўздоўж вуліцы Гарадскі Вал разам з гірляндай у выглядзе надпісу «Мы памятаем». Затым маладыя людзі прыйшлі да кінатэатра «Масква», дзе сталі з партрэтамі, запаленымі свечкамі і расцяжкай «Патрабуем міжнароднага расследавання выкраданняў лідэраў апазіцыі». Супрацоўнікі праваахоўных органаў на акцыі не прысутнічалі.
У 16 гадзін гэткая ж акцыя салідарнасці прайшла на плошчы Якуба Коласа. За распаўсюджанне ўлётак з інфармацыяй пра зніклых быў затрыманы актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Юрый Пляшкоў. Ён быў адпушчаны праз дзве гадзіны без складання пратакола.
У 14 гадзін у студэнцкім гарадку БДУ падчас раздачы студэнтам улётак аб зніклых беларускіх палітыках былі затрыманыя актывісты аргкамітэта па стварэнні руху «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч, Алесь Сцепаненка, Валерый Саковіч, Сяргей Кастыленка і Алег Кероль. Іх таксама адпусцілі без складання пратаколаў.
Дзень салідарнасці з сем’ямі зніклых палітыкаў і рэпрэсаванымі па палітычных матывах беларуская апазіцыя праводзіць 16‑га чысла кожнага месяца пачынаючы з кастрычніка 2005 года.