Галкіпер лонданскага «Арсенала» Петэр Чэх анансаваў завяршэнне кар'еры. Пра гэта ў аўторак, 15 студзеня спартсмен паведаміў у Twitter.

Фота Вікіпедыі

Фота Вікіпедыі

«Гэта мой 20-ы сезон у якасці прафесійнага футбаліста. Цяпер самы ўдалы момант, каб абвясціць, што я завяршу кар'еру пасля заканчэння гэтага сезона», — напісаў 36-гадовы галкіпер.

Чэх адзначыў, што за 15 гадоў выступаў у Англійскай прэм'ер-лізе дасягнуў усіх кар'ерных мэтаў, выйграўшы ўсе магчымыя тытулы. Брамнік таксама запэўніў, што працягне працаваць у складзе «Арсенала», каб выйграць яшчэ адзін трафей.

Петэр Чэх — выхаванец чэшскай «Вікторыі». Вялікую частку кар'еры (з 2004 па 2015) галкіпер гуляў у складзе іншага лонданскага клуба — «Чэлсі», а ўлетку 2015 года перайшоў у «Арсенал».

Футбаліст пяць разоў выйграваў Кубак Англіі, па чатыры разы - чэмпіянат і Суперкубак краіны, тройчы станавіўся ўладальнікам Кубка лігі. У складзе «Чэлсі» перамагаў у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы. З 2002 па 2016 год выступаў за зборную Чэхіі, разам з якой стаў бронзавым прызёрам Еўра-2004.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0