Год таму ў цэнтры Менску прайшоў феерычны канцэрт да 100-годдзя БНР. Камусьці ён спадабаўся, камусьці не, хтосьці разгубіўся — напрыклад, чыноўнікі.

Сярод адкрытых крытыканаў апынулася тусоўка IMHOclub, якая кляйміла «бацькоў БНР» як буржуазных нацыяналістаў з «казачнай рэспублікі». Маўляў, БНР — гэта не пра што. А вось будзе 100-годдзе БССР — тады ўбачыце!

Мінула БССР-100. Убачылі. Пара мутнаватых сюжэтаў на дзяржаўных каналах. Канцэрт для пенсіянераў у выцертых пінжаках, пашытых яшчэ па савецкіх ГОСТах. Сябар, які не паленаваўся і прыйшоў на Вайсковыя могілкі 1 студзеня да помнікаў Чарвякова, Гурло, Ігнатоўскага апынуўся адзіным! Побач з магіламі «бацькоў БССР» адно белы-белы снег: ані лампадкі, ані вяночка. І гэта ўсё? Вы сур’ёзна?

Ідэалагічна БССР заўжды прадстаўлялася як «рай на зямлі», нашчадкам якога ёсць сучасная Беларусь. БССР — гэта пра партызанаў, Машэрава, зборачны цэх і жытніцу Саюзу ў адным флаконе. Апынулася — нават гэта нікому не трэба. Ніякай дзяржаўнай перадгісторыі і рэтраспектывы афіцыйныя ідэолагі наўпрост не могуць вымалеваць.

Што ж застаецца? За што беларусы маюць стаяць да канца, сціскаючы 7 мільёнаў аўтаматаў, абяцаных кіраўніком дзяржавы? «Усім па 500», добрыя дарогі, бяспечныя падваротні па вечарах, мірнае неба… Усё крута, але ў такім стане нацыя нагадвае чалавека ў коме. Яго падпітваюць фізрастворам, ён жывы, але галава не працуе — свядомасці няма. Нацыя, пазбаўленая сваёй гісторыі, мовы, унікальнай культуры — усё адно, што чалавек, які не асэнсоўвае свайго «я».

Памятаеце, «СБ. Беларусь сегодня» у мінулым годзе ўсіх здзівіла загалоўкам пра 25 год незалежнасці? Амаль як у старым жарце Фаменкі: «Коратка пра сябе: 25 сантыметраў!» (у арыгінале — 13, але гэта ж у Фаменкі). Бюракраты ад журналістыкі даводзяць, маўляў, незалежнасць — гэта перыяд праўлення кіраўніка дзяржавы і… усё? Што было да гэтага — няважна, мы зразумелі. А што будзе пасля?

З чыноўнікамі зразумела: хто мацнейшы — той і кіруе, пад таго і будзем сантыметры незалежнасці вымяраць. Сёння Лукашэнка, заўтра Расея, паслязаўтра Кітай… Падаецца, што гэта не злы намер бюракрата, але боязь зрабіць нешта не так, прыняць рашэнне самастойна — паводле закона ці ідэалогіі, а не паводле прамога рашэння зверху.

Добра адлюстроўвае сітуацыю і гісторыя з «шыльдай БНР», якую ўжо год як не могуць павесіць у Менску. Паўлу Белавусу нядаўна прыйшоў чарговы адказ: чыноўнікі, маўляў, разбіраюцца, ці ўключаць усталяванне шыльды ў гадавы план, усё памятаюць і прымаюць да ўвагі. Ну як гэта? Калі б забаранілі — усё ясна. Дазволілі б — таксама. А тут — страх і дабро даць, і забараніць, і наверсе перапытаць.

У гісторыі падобная бездапаможнасць апарату прыводзіла да фатальных вынікаў. Узгадайце замуленую рознымі аўтарамі гісторыю пра катастрофу 1941 года. Усе разгубіліся, а ў выніку завалілі і абарону, і эвакуацыю. Чаму? Бо пасля чыстак 30-х гадоў выжыў адзіны тып кіраўніка: які не можа прымаць самастойных рашэнняў, тым больш у экстранай сітуацыі. Вось пасля і давялося Сталіну вяртаць з лагераў камандзіраў, кшталту Ракасоўскага, каб ратаваць сітуацыю.

Падаецца, што кіраўнік дзяржавы жыве ў ілюзорнай матрыцы, маўляў, за яго спіной прафсаюзы, жаночыя і ветэранскія арганізацыі, БРСМ, «Белая Русь» — з імі нічога не страшна. Так, вертыкаль давала сабе раду з кволай апазіцыяй. Але ці вытрымае знешні ціск — ад Расеі? Ці возьмуць функцыянеры абяцаныя сем мільёнаў аўтаматаў альбо, выпіўшы карвалолу, дрыготкімі рукамі наўпрост памяняюць чырвона-зялёны на трыкалор? Бо Беларусь для іх — усяго толькі 25 сантыметраў праўлення чарговага «бяззменнага гаранта».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?