18 студзеня ва Упраўленні Беларускай чыгункі адбылося падпісанне кантракту з кампаніяй ЗАТ «Штадлер Мінск» на закупку электрацягнікоў для міжрэгіянальных ліній бізнес-класа.
Беларуская чыгунка набудзе да 2021 года 10 сучасных пяцівагонных электрацягнікоў серыі ЭПМ пераменнага току з максімальнай хуткасцю 160 км/г. Пастаўка першага электрацягніка запланаваная на канец 2020 года. Для рэалізацыі дадзенага інвестыцыйнага праекта плануецца прыцягнуць крэдытныя рэсурсы вядучых замежных банкаў.
Базавай мадэллю для распрацоўкі новых электрацягнікоў стануць семівагонныя электрацягнікі серыі ЭПМ, якія паспяхова курсіруюць па Беларускай чыгунцы са жніўня 2016 года па маршруце Мінск—Гомель.
Даўжыня новых саставаў складзе 92 960 мм, шырыня кузава — 3 480 мм. У цягніку прадугледжана 260 месцаў для сядзення 1 і 2 класа. У зоне 1 класа (падвышанай камфортнасці) размесціцца 16 месцаў. Тут прадугледжаны камфартабельныя крэслы са спінкай, што рэгулюецца па вугалу нахілу, індывідуальныя падлакотнікі. Зона 1 класа аддзеленая шкляной перагародкай з электрычным прывадам. У пасажырскім салоне 1 класа будуць устаноўлены кнопкі выкліку правадніка, пры націску якіх у купэ правадніка выдаецца аўдыё-відэасігнал. Прадугледжаны месцы для размяшчэння буйнагабарытнага багажу, гардэроб для верхняга адзення.
У салонах 2 класа будуць устаноўлены мяккія сядзенні з падлакотнікамі па сістэме «3 + 2».
Адметнай асаблівасцю новых цягнікоў стане наяўнасць у пасажырскім салоне аўтаматычных сістэм (апаратаў) па продажы прадуктаў харчавання, гарачых і ахаладжальных напояў.
Электрацягнікі будуць абсталяваны сістэмай бесправаднога доступу да сеткі Інтэрнэт (WI-FI), а таксама сістэмай узмацнення сігналу GSM.