Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі «Граніта», буйнейшага ў Еўропе прадпрыемства па вытворчасці гранітнага друзу, сёлета знізіўся больш чым удвая, рэнтабельнасць упала напалову, крэдыторская запазычанасць амаль утрая перавышае дэбіторскую.

«Советская Белоруссія» піша пра вынікі праверкі КДК Брэсцкай вобласці на мікашэвіцкім «Граніце». На адмысловую калегі ў Мікашэвічы прыехаў старшыня Камітэту Зянон Ломаць.

Вынікі праверкі не могуць не ўражваць.

Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі буйнейшага ў Еўропе прадпрыемства па вытворчасці гранітнага друзу, сёлета знізіўся больш чым удвая, рэнтабельнасць упала напалову, крэдыторская запазычанасць амаль утрая перавышае дэбіторскую. Віной гэтаму не сусветны фінансавы крызіс, упэўнены галоўны кантралёр краіны. Асноўнымі прычынамі гаротнага стану прадпрыемства называюцца безгаспадарчасць і слабая дысцыпліна.

Былы кіраўнік «Граніту» часта ігнараваў графік паставак друзу, аддаючы перавагу Брэсцкай вобласці,

пабудаваў сабе дом, у якім толькі гранітнае аздабленне каштавала каля 180 мільёнаў рублёў.
За чатыры гады працы ранейшы кіраўнік змяніў восем галоўных інжынераў. Але гэта кветачкі. Для перапрацоўкі друзу дробных фракцый, які запатрабаваны ў будаўніцтве дарог, была набытая фінская лінія. Ды працавала яна толькі пяць месяцаў — мікашэвіцкі граніт прыйшоўся ёй не па зубах. «Інвестпраект Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця матэрыяльна—тэхнічнай базы будаўнічай галіны на 2006 — 2010 гг практычна правалены.
Укладзеныя ў закупку фінскага абсталявання, яго ўсталяванне інвестыцыі, а гэта 43,8 мільярда рублёў, пушчаныя на вецер», — падсумаваў Зянон Ломаць.
Былі выяўленыя і іншыя факты. Напрыклад, вагі для ўзважвання самазвалаў, коштам 115 мільёнаў рублёў. Апынулася, што БелАЗ, які выкарыстоўваецца ў мікашэвіцкім кар’еры, іх можа проста раструшчыць. Або такое. Пазаштатная ахова прадпрыемства налічвае 155 чалавек, але ніхто не перашкодзіў начальніку аднаго з цэхаў скрасці матэрыяльных каштоўнасцей на суму звыш 70 мільёнаў рублёў.

Усе гэтыя праблемы леглі на плечы былога галоўнага інжынера Сцяпана Тураўца, якога прызначылі гендырэктарам «Граніту».

«Граніт» пачаў працаваць у 1975 г. Мікашэвіцкі гранітны друз набываюць краіны Балтыі, Расія, Польшча, Украіна.

Паводле sb.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0