На сельскагаспадарчым полі каля вёскі Галачоўка Чавускага раёна ноччу рэйдавая група дзяржінспектараў спыніла аўтамабіль ЗІЛ, на якім ехалі чацвёра жыхароў горада Чавусы. Двое з іх знаходзіліся ў кузаве грузавіка з зараджанай стрэльбай. Усе, акрамя кіроўцы, мелі ліхтары, якімі падсвечвалі наваколлі - верагодна, у пошуках дзічыны, піша Звязда.

Мужчын западозрылі ў браканьерстве, паколькі дакументаў на паляванне ў іх не было. Да таго ж такі спосаб палявання - з транспартнага сродку - забаронены і строга караецца нават у тым выпадку, калі парушальнікі не паспелі здабыць дзічыну. Чавускі РАУС ужо пачаў крымінальную справу.

У дачным доме аднаго з затрыманых следча-аператыўная група выявіла дзве незарэгістраваныя стрэльбы і 15 кілаграмаў мяса дзіка. Гэта сведчыць аб тым, што «браканьерская брыгада» магла і раней займацца незаконнымі паляваннямі, паведамілі ў дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У працэсе расследавання будзе ўстаноўлена дачыненне кожнага з чацвярых паляўнічых-нелегалаў. Ім пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0