Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання абмяркоўвае праект прэзідэнцкага ўказа аб дадатковым рэгуляванні буйных гандлёвых сетак.

Для гэтага створана працоўная група, якой далі азнаёміцца з тэкстам меркаванага ўказа — толькі сёння з яго знялі грыф «для службовага карыстання».

У склад групы ўваходзяць прадстаўнікі Мінгандлю, Мінэканомікі, іншых дзяржаўных органаў, а таксама некаторыя бізнэс-аб’яднанні.

На другім пасяджэнні працоўнай групы за паўтары гадзіны паспелі абмеркаваць толькі пару спрэчных пунктаў. Асноўным спікерам быў сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў, апаніраваў яму збольшага міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч.

Уладзімір Калтовіч. Фота Волі Афіцэравай.

Уладзімір Калтовіч. Фота Волі Афіцэравай.

Чытайце таксама: Гісторыя жыцця самага моднага міністра, які можа праславіцца, узаконіўшы беларускамоўныя этыкеткі

Спрэчка разгарнулася вакол таго, якія прадпрыемствы лічыць манапалістамі, а якія — не.

Маргелаў настойваў на тым, што лічыць манапалістаў трэба па іхняй долі ў кожным раёне. Гэта значыць, што калі ў нейкай арганізацыі больш за 15% пэўнага сегменту рынка ва ўмоўным Клецкім раёне, то да іх трэба ўжываць нейкія захады стрымлівання — так лічыць Маргелаў.

Віктар Маргелаў. Фота «Беларускі партызан».

Віктар Маргелаў. Фота «Беларускі партызан».

Чыноўнікі адказвалі яму, што гэта не зусім лагічна, і мэтай зменаў з'яўляецца бізнэс, які мае адпаведную долю ў маштабах краіны: «тады гэты бізнэс уплывае на ўсю эканоміку краіны, на рынак, на спажыўцоў, на пастаўшчыкоў», — такім быў аргумент у адказ.

Маргелаў перакананы, што трэба абавязаць суб'екты гаспадарання прадаваць увесь зацверджаны спіс харчовых тавараў: ад хлеба да малака. «Іначай я буду прадаваць толькі гарэлку і расійскі імпарт», — тлумачыць ён.

Калтовіч звярнуў увагу, што гэта не зусім рынкавыя механізмы: змушаць кожнага прадаваць усё па зацверджаных спісах.

«Калі я прадаю булачкі, хлеб, то навошта мяне абавязваць прадаваць яшчэ і малако з гарэлкай? Я збанкрутую, гэта не мая сфера. Кожны суб'ект сам можа абіраць, як распараджацца асабістым капіталам. Свабода выбару павінна быць апрыёры», — спрачаўся з ім міністр.

«Мы павінны даць народу тое, што яму трэба!», — перабіваў Маргелаў, не ўдакладняючы, хто ў стане гэта вызначыць, апроч рынка.

Зрэшты, самае актыўнае абмеркаванне датычылася пункта, які павінен рэгуляваць рэкламу буйных гандлёвых сетак. Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальнікаў прапануе абмежаваць іх рэкламныя бюджэты да 0,5% выручкі.

«Я не прыхільнік нават гэтых 0,5%, — узяў слова Калтовіч. — Прывяду прыклад Еўрасаюза, дзе таксама ёсць некалькі гандлёвых сетак. Іхнія ўмовы працы такія — абмежаванне часу работы ў пятніцу, суботу і нядзелю. За гэты час дабіраюць дробныя гульцы. Такі ж прынцып можа выкарыстоўваць і адносна рэкламы. Давайце не будзем скарачаць іх выдаткі, бо за гэтым цэлая індустрыя людзей, якія гэтую рэкламу робяць і распаўсюджваюць — гэта іх грошы, як мы можам па іх ударыць? Давайце падумаем над тым, каб змяніць структуру паказа рэкламы. Вось ТБ — нейкая рэклама ідзе і цяпер, але мы яе не бачым. Мы бачым, калі прыйшлі дадому і ўключылі тэлевізар, гэта — хлебны час. Можна вызначыць час, у які могуць рэкламавацца манапалісты, каб яны не траплялі ў прайм-тайм, каб людзі даведваліся і пра іншых. Не скараціць іх бюджэты, а скараціць аб'ёмы».

Таксама востра абмяркоўвалі рэкламныя гульні, у якасці прыкладу разглядаўся той жа Еўраопт. Чыноўнікі звярнулі ўвагу, што рэкламныя гульні з шалёнымі бюджэтамі стымулююць продажы чалавечым жаданнем выйграць.

«Фактычна гэта латарэйная дзейнасць. Чалавек не проста аддае рубель за паперчыну, а аддае рубель за тавар, які яму, можа, і не трэба», — такія гучалі думкі.

«Маленькая сетка не можа разыграць аўтамабіль, тады як вялікая — хоць кожны дзень. Можа быць, тут варта глянуць на памеры выйгрышных фондаў, на колькасць розыгрышаў. Але таксама разабрацца, ці з'яўляюцца кватэры і машыны латарэйнай дзейнасцю.

Калі гэта не спецыфіка гандлёвай сеткі, то хай яны разыгрываюць кампот, груба кажучы, а не «Харлей Дэвідсан» і кватэру, бо гэта ўжо падобна да латарэі», — сказаў Калтовіч.

Маргелаў дадаў ягонай думцы бальшавіцкую афарбоўку — «калі ў іх шмат грошай, то хай аддаюць іх у калгас!».

Паседжанні рабочай групы працягнуцца на наступным тыдні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0