Расійскія прадстаўнікі сумеснай з Беларуссю міжурадавай працоўнай групы па паглыбленні інтэграцыі прыступілі да інвентарызацыі дагавора аб саюзнай дзяржаве. Пра гэта заявіў у сераду журналістам спецпрадстаўнік прэзідэнта Расіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Беларуссю, расійскі пасол Міхаіл Бабіч.

«Расійская частка групы пачала працу. Цяпер ідзе інвентарызацыя ўсіх палажэнняў саюзнага дагавора па блоках: эканамічны, сацыяльны, па органах дзяржаўнага кіравання, па пытаннях бяспекі і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Усе аспекты дагавора, якія былі закладзены ў 1999 годзе, разглядаюцца адпаведнымі органамі ўлады [ў Расіі]», — адзначыў пасол.

Бабіч звярнуў увагу, што «асаблівасць гэтай працы складаецца ў тым, што пяць гадоў таму быў падпісаны еўразійскі дагавор». «Частка палажэнняў саюзнага дагавора ўжо выключаная і пераведзеная на еўразійскі ўзровень. Таму тут важна не дубляваць паўнамоцтвы, якія перададзены еўразійскім органам, а захаваць у рамках саюзнага дагавора тыя праваадносіны, якія павінны быць у двухбаковым фармаце», — сказаў кіраўнік расійскай дыпмісіі.

Пасол паведаміў, што як толькі прапановы будуць зведзены, расійскі бок прапануе паглядзець іх беларускім партнёрам і выказаць свае заўвагі і прапановы. «Разлічваем, што і беларускі бок зробіць тое ж самае», — сказаў Бабіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?