Старшыня Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы і лідар апазіцыі Хуан Гуайдо абвясціў сябе выканаўцам абавязкаў прэзідэнта краіны і прынёс прысягу проста на масавым мітынгу ў Каракасе, паведамляе Reuters.

Хуан Гуайдо прыносіць прысягу з канстытуцыяй у руцэ, фота з ягонага твітара.

Ён прынёс прысягу перад сотнямі тысяч дэманстрантаў. Фота Adriana Loureiro / Reuters.

«Я клянуся афіцыйна выконваць паўнамоцтвы прэзідэнта Венесуэлы», — заявіў Гуайдо.

Пасля «інаўгурацыі» прагучаў гімн Венесуэлы пад скандаванне прыхільнікаў Гуайдо.

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША імгненна паведаміла, што Дональд Трамп прызнаў Гуайдо кіраўніком краіны. Цягам некалькіх гадзін аб прызнанні Гуайдо в.а. прэзідэнта заявілі таксама Бразілія, Канада, Калумбія, Аргенціна, Перу, Эквадор, Парагвай.

У той жа час Расія, Мексіка і Балівія працягваюць лічыць прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласа Мадура.

35-гадовы Хуан Гуайдо абвясціў сябе выканаўцам абавязкаў прэзідэнта, каб спыніць узурпацыю ўлады Нікаласам Мадура (на прэзідэнцкіх выбарах у маі 2018 года Мадура атрымаў 68% галасоў выбаршчыкаў пры яўцы 46%, а 10 студзеня правёў чарговую ўласную інаўгурацыю). Пэўны час таму Мадура абмежаваў паўнамоцтвы парламента, замяніўшы яго марыянеткавым Устаноўчым сходам.

Абодва бакі канфлікту звярнуліся да арміі з заклікам падтрымаць іх. Міністр абароны і кіраўніцтва арміі ўжо заявілі аб падтрымцы Мадура як законнага кіраўніка.

Каталіцкая царква Венесуэлы ўжо прызнала кіраўніка парламента выканаўцам абавязкаў прэзідэнта краіны.

Мадура склікаў мітынг прыхільнікаў сваёй палітычнай сілы каля прэзідэнцкага палаца. Ён выступіў перад імі з доўгай прамовай, у якой назваў падзеі спробай дзяржаўнага перавароту, абвясціў пра разрыў дыпламатычных адносін з ЗША і запатрабаваў ад амерыканскіх дыпламатаў пакінуць краіну цягам 72 гадзін.

Колькасць загінуўшых у ходзе вулічных пратэстных акцый у Венесуэле дасягнула 12 чалавек.

Увечары 23 студзеня ў штаце Барынас загінулі чатыры чалавекі, якія выступаюць супраць прэзідэнта Нікаласа Мадура. У іншых штатах загінулі 8 чалавек, больш за дзясятак чалавек атрымалі раненні.

Акрамя таго, Нацыянальная гвардыя Венесуэлы ўвяла бронетэхніку ў адзін з раёнаў Каракаса, дзе сабраліся пратэстоўцы.

Чытайце таксама:

Хто такі 35-гадовы Гуайдо, які абвясціў Мадура ўзурпатарам

Трамп пра ваенную аперацыю для звяржэння Мадуры: Усе варыянты на стале

Канада, Бразілія, Калумбія, Перу, Аргенціна, Эквадор і Парагвай прызналі Гуайдо в.а. прэзідэнта Венесуэлы

Відэа: выступ Гуайдо і сімвалічная прысяга

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру