Працягваецца збор грошай на арганізацыю сёлетняга Дня Волі. Ужо сабрана больш за 10 тысяч рублёў. Самы папулярны шлях — праз удзел у «Талацэ». Найбольшую суму ахвяраваў малады айцішнік з Віцебска Аляксей Прохараў, ён пералічыў 500 рублёў.
Аляксей Прохараў, фота з сацсетак
«Жыццё так мяне пакідала, што мне пашанцавала і я працую ў ІТ. Я вельмі рады, што ў Беларусі гэта сфера развіваецца. Спадзяюся, мы яе не прафукаем, — кажа Прохараў. — Адпаведна, па грошах у мяне больш-менш нармальна. Плюс я яшчэ не жанаты, таму няма чорнай дзіркі, якая б забірала грошы. Я хацеў трапіць на БНР-100, але не атрымалася — камандзіроўкі, праца… Вось, вельмі хачу трапіць на БНР-101.
Лічу, што гэтае мерапрыемства вельмі патрэбнае, бо яно нас аб’ядноўвае. Аднадумцы могуць сустрэцца, пагаварыць.. Сёння мы нібыта ў ізаляцыі, а людзям трэба быць разам, кансалідавацца. І апазіцыя мусіць аб’яднацца, бо мэта ж адна — наладзіць жыццё ў краіне. І трэба, каб людзі пра гэта чулі, а такога не хапае. Блогераў я чую, а апазіцыі нашай не чуваць».
Дзень Волі адзначаецца 25 Сакавіка, у дзень, калі ў 1918 годзе была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёлета ініцыятары святкавання хочуць правесці яго ў фармаце шэсце па вуліцы Кастрычніцкай і канцэрта на стадыёне «Дынама».