Публіцыст «Народнай волі», адзін з лідэраў сацыял-дэмакратаў, доктар філасофскіх навук Вячаслаў Оргіш надрукаваў у газеце «Советская Белоруссия» артыкул «Прыйшоў час сыходзіць з барыкад».

Аўтар матэрыялу прапануе «пакінуць дыпламатычную далікатнасць, сказаць адкрыта: надышоў час цвяроза, без скідак паглядзець на гульцоў беларускай палітычнай сцэны, якія прадстаўляюць апазіцыйны бок».

Оргіш ідзе па шляху, які ўжо прайшоў другі сацыял‑дэмакрат Уладзімір Нісцюк, — крытыкуе ў дзяржаўных СМІ дзейнасць апазіцыі. Публіцыст даводзіць, што ў дыялогу паміж афіцыйным Мінскам і Захадам апазіцыі месца не будзе.

«Апазіцыйная вярхушка амаль нічому не вучыцца і, мяркуючы па рэакцыі на бягучыя падзеі, не надта імкнецца шукаць паразумення з новай палітычнай рэчаіснасцю. Апазіцыі характэрна неўспрымальнасць да альтэрнатыўных варыянтаў, жаданне не дапусціць перагляду састарэлых палітычных рэцэптаў і тэхналогій, чаплянне за «вытокі», — піша В.Оргіш.

Аўтар кажа, што шмат гадоў ролю злоснага дэмана, на якога апазіцыя аўтаматычна вешала ўсіх сабак, выконваў «рэжым». Аднак апошнім часам адказнасць за няўдачы апазіцыі яе правадыры гатовы ўскласці і на плечы сваіх заходніх куратараў.

Урэшце, аўтар прапаведуе неабходнасць афармлення ў Беларусі новай, кішэннай апазіцыі. Аўтар карыстаецца іншым выразам, з лекіскону постсавецкіх дыктатараў — «сістэмнай апазіцыі», якая «не збіраецца ісці на барыкады»:

«Сучаснае жыццё фарміруе запыт на палітыкаў, арыентаваных на тую катэгорыю выбаршчыкаў, якія галасуюць за грамадзянскія правы і не адмаўляюць у лаяльнасці існуючай палітычнай сістэме. Мяркуючы па ўсім, у сістэмным палітычным працэсе цалкам магчыма з’яўленне партыі, гатовай абапірацца на галасы той часткі электарату, які крытычна ўспрымае айчынную рэчаіснасць, аднак не збіраецца ісці на барыкады.
Апрача гэтага, у грамадстве ёсць пэўная колькасць прыхільнікаў так званага еўрапейскага выбару, іх галасы таксама павінны выяўляцца ў сістэмнай палітыцы…»

Свой прасцінны опус (закачэнне яшчэ будзе ў наступным нумары) ён падмацоўвае вось такім тэзісам: «...сёння Захад зацікаўлены ў з'яўленні на палітычнай сцэне Беларусі генерацыі палітыкаў з пэўнай доляй апазіцыйнасці, якія, аднак, здольны больш гнутка ставіцца да існуючай сістэмы, больш адпавядаюць умовам інтэграцыі ў яе з мэтай удасканалення існуючага парадку знутры». Цытаты ў падмацаванне сваёй думкі ён, аднак, не прыводзіць.

P.S. Тэкст на сайце «СБ», хоць і надрукаваны па‑беларуску, але паўсюль ужытыя ангельскія «i».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?