Каардынатарка праграм шведскага медыяінстытута Fojo Вольга Вале накіроўвалася ў Мінск па запрашэнні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» на сустрэчу з маладымі журналістамі.

Удзень 25 студзеня Вольга Вале была затрымана супрацоўнікамі памежнай службы Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Журналістцы паведамілі, што яна не можа трапіць у Беларусь, бо знаходзіцца ў спісе асобаў, якім не пажаданы ўезд на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.

Беларусь з нядаўняга часу мае агульны «чорны спіс» з Расіяй, таму ў нашу краіну Вольгу таксама не пусцілі. Яна вымушана вяртацца ў Рыгу зваротным рэйсам.

 — Мы звярнуліся ў памежную службу аэрапорта і на гарачую лінію Памежнага камітэта Беларусі, дзе пацвердзілі дадзеную інфармацыю. Паводле памежнікаў, Вольга Вале знаходзіцца ў расійскім «чорным спісе», таму трапіць у Беларусь не можа. Супрацоўнікі памежнага камітэта раяць звяртацца ў афіцыйныя органы Расійскай Федэрацыі, — расказаў прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» намеснік старшыні арганізацыі Алег Агееў.

Шведскі медыяінстытут Fojo больш за 15 гадоў супрацоўнічае з журналісцкімі арганізацыямі ў Беларусі, з яго падтрымкаю быў рэалізаваны шэраг праграм з ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», Беларускім саюзам журналістаў, Інстытутам журналістыкі БДУ.

Раней ніякіх эксцэсаў з наведваннем Беларусі ў супрацоўнікаў Fojo не ўзнікала.

Гэта не першы раз, калі беларускія ўлады, кіруючыся расійскім «чорным спісам», дэпартавалі ці не пускалі ў краіну замежных грамадзян.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказвае абурэнне ў сувязі з інцыдэнтам. На думку кіраўніцтва арганізацыі, меркаванне органаў улады Расійскай Федэрацыі не павінна ўплываць на партнёрскія праграмы і кантакты паміж арганізацыямі Беларусі, Швецыі і іншых краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?