Паўлу 29 гадоў, дзесяць зь якіх ён пражыў у Тэль‑Авіве. У інтэрвію «Нашай Ніве» летась ён сказаў, што ў Ізраілі хоча быць беларусам, а калі прыяжджае сюды, то пачынае задумвацца, ці трэба гэта. І назваў сябе прадстаўніком таго пакаленьня, якое ня мае сваёй краіны. Але колькі месяцаў таму ён вярнуўся ў Беларусь. Што зьмянілася? Зь пісьменьнікам гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: «Павал, зборнік вашых апавяданьняў называецца «Душпастырскія спатканьні для дачнікаў». Ці ня надта сьмела для дэбютанта?»

Павал Касьцюкевіч: «Гэта я ўбачыў такі надпіс у Лунінцы на дзьвярах касьцёлу. Мне ён надта спадабаўся, і я падумаў – вось яна, назва, якую я доўга шукаў».

Аксак: «Вы падзялілі сваю кніжку на чатыры часткі: 1) апавяданьні для мужчынаў; 2) апавяданьні для жанчынаў; 3) нутраная адысэя; 4) (жызн.). Цікавы падзел. Чым кіраваліся, робячы яго?»

Касьцюкевіч: «Над кніжкай працавалі як мужчыны, так і жанчыны, між якімі было шмат спрэчак пра тое, якое апавяданьне ставіць першым, другім трэцім... Жанчыны казалі: «Менавіта гэта, гэта!» Мужчыны казалі: «Ды вы што? Першым паставім пра футбол ці яшчэ якія іншыя мужчынскія рэчы!» Я падумаў тады, што трэба апавяданьні разьвесьці на мужчынскія і жаночыя. Так узьніклі два першыя разьдзелы. Трэці – гэта аповесьць, якая нідзе не друкавалася. Яна адметная ўсім. І, можа быць, яе і ня варта было ўключаць у кнігу, але хто ведае, ці будзе яшчэ ў мяне новая кніга. Чацьвёртае апавяданьне не падыходзіла ні да жаночага, ні да мужчынскага разьдзелу, таму што ў ім мне хацелася расказаць проста пра жыцьцё. Яно менш бэлетрыстычнае, а больш праўдзівае».

Аксак: «І так узьнік новы жанр – «жызн.»?»

Касьцюкевіч: Сапраўды, так я пазначыў яго жанр –« жызн.»

Аксак: «Вашы апавяданьні выгадна вылучаюцца на тле сучаснага айчыннага прыгожага пісьменства лёгкім стылем, неверагоднымі, нават казачнымі сюжэтамі і ляканічным аб’ёмам. Здаецца, усяму гэтаму вы навучыліся ў папулярнага ізраільскага пісьменьніка Этгара Керэта, кніжка якога выйшла ў вашым перакладзе летась у Беларусі. Ці я памыляюся?»

Касьцюкевіч: «Сапраўды, я вучыўся гэтаму ў Керэта, але ня толькі ў яго. Ізраільская літаратура менавіта і вылучаецца тым, што ў Ізраілі называюць «на адной назе». Гэты выраз азначае – пра самае галоўнае коратка. Самы цымус – выкласьці ў некалькіх словах, каб чытача не расхалоджваць. Умясьціць тэкст у тысячу, прыкладам, словаў».

Аксак: «Героі вашых твораў – жыхары Беларусі і Ізраілю, дзе вы пераважна і напісалі гэтую кнігу, падглядзеўшы, так бы мовіць, іх паводзіны. Наколькі аўтабіяграфічная гэтая кніга?»


Касьцюкевіч: «Спадзяюся, што не аўтабіяграфічная. Канечне, жыцьцёвы досьвед паўплываў на яе зьмест, але ўсё ж я спрабаваў, як і кожны пісьменьнік, выдумляць свой сьвет. Хаця праглядаюцца пэўныя біяграфічныя моманты, дый немагчыма, мабыць, пісаць пра зусім адцягненыя рэчы».

Аксак: «Напрыклад, як у апавяданьні «Сэрца танка» – дэтэктыўная гісторыя з досьведу вашай працы ў ахове ізраільскага прэм’ер‑міністра...»

Касьцюкевіч: «Так, была такая гісторыя з экскурсантамі з былога Савецкага Саюзу. Гэта людзі, можна сказаць, зь іншага палітычнага блёку, бо падчас халоднай вайны Ізраіль быў не на тым баку, дзе СССР. Дык вось, яны прыехалі і ўбачылі свае танкі, а ім сказалі, што гэта танкі іхніх ворагаў, то бок тых, хто ваяваў на баку арабскіх краінаў. І ў гэтых экскурсантаў склаўся ў душах такі глыбокі дысананс, што адбыўся скандал, які і лёг у аснову апавяданьня «Сэрца танка».

Аксак: «Так, здаецца, атрымалася і з апавяданьнем «Адпачынак – гэта...», героі якога беларусы? Яны так праглі хутчэй патрапіць на мора, якога ня маюць на радзіме, што не даехалі дваццаць кілямэтраў да яго і пачалі купацца ў прыдарожным возеры...»

Касьцюкевіч: «І гэтая гісторыя праўдзівая. Я ехаў у аўтобусе з прадстаўнікамі ўсіх рэспублік былога СССР. Экскурсаводка кажа: «Да мора яшчэ дваццаць кілямэтраў. А зараз я замаўкаю». Усталявалася цішыня, і толькі з задніх сядзеньняў былі чуваць словы са знаёмым вымаўленьнем «р», «ч», «ш». Я азіраюся – там сядзяць чатыры чалавекі ўжо ў плаўках. Высьветлілася – беларусы. З гэтага нарадзілася апавяданьне».

Аксак: «Вам цяпер 29 гадоў, дзесяць зь якіх вы пражылі ў Тэль‑Авіве. У інтэрвію «Нашай Ніве» летась вы сказалі, што ў Ізраілі хочаце быць беларусам, а калі прыяжджаеце сюды, то пачынаеце задумвацца, ці трэба гэта вам. І назвалі сябе прадстаўніком таго пакаленьня, якое ня мае сваёй краіны. Але колькі месяцаў таму вы вярнуліся ў Беларусь. Што зьмянілася?»

Касьцюкевіч: «Нічога не зьмянілася. Працягваюцца пошукі радзімы. Што будзе далей, ня ведаю. А глядзець на радзіму можна і крытычна, я думаю, і выказваць свае думкі ўслых, бо шмат у чым ня згодны з радзімай».

Аксак: «Ці знаходзіце вы ў Беларусі сюжэты для сваіх новых апавяданьняў? Наогул, як вам тут пішацца і перакладаецца?»

Касьцюкевіч: «Паколькі я працую ў «Нашай Ніве», то пішуцца артыкулы. Журналісцкае жыцьцё з галавы вымятае ўсё, апроч пільных, важных штодзённых справаў, не пакідаючы для апавяданьняў нічога».

Аксак: «А ці пусьцілі ўжо карані ў беларускую глебу?»

Касьцюкевіч: «На гэта адкажу нядаўняй показкай‑быльлю. Калі быў футбольны матч «Беларусь‑Ізраіль», то за некалькі дзён да яго па ўсім мэтро наляпілі плякацікі «Болеем за наших». Але празь дзень паўзьверх іх наляпілі новыя – «Болеем за Беларусь». Удакладнілі, так бы мовіць».

* * *

Павал Касьцюкевіч вядомы ў Беларусі як адзін зь нямногіх на сёньня перакладчыкаў на беларускую з іўрыту. У нашай краіне выйшлі дзьве кнігі сучаснай ізраільскай прозы ў ягоных перакладах. Але сёньня падстава для сустрэчы з Паўлам адмысловая – у сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва» выйшаў зборнік ягоных уласных твораў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?