Палова расіян лічыць добрымі адносіны, якія склаліся паміж Расіяй і Беларуссю, аднак з 2015 года тых, хто падтрымлівае гэты пункт гледжання, стала менш амаль на 30 працэнтных пунктаў, сведчаць даныя апытання фонду «Грамадская думка», піша «РИА Новости».

Паводле вынікаў апытання, добрымі адносіны паміж краінамі цяпер называюць 50% рэспандэнтаў (у кастрычніку 2015 года так лічылі 79% апытаных). Дрэннымі адносіны назвалі 17% (чатыры гады таму — 6%). На думку 39% апытаных, апошнім часам адносіны паміж Расіяй і Беларуссю не мяняюцца (54% у кастрычніку 2015 года); пра тое, што яны лепшаюць, заяўляюць 17% расіян (26% у 2015 годзе), а 19% бачаць пагаршэнне адносін (4% у 2015 годзе).

На тое, што праз год адносіны паміж Расіяй і Беларуссю будуць лепшыя, разлічваюць 33% рэспандэнтаў; песімістычны настрой маюць 6%. Яшчэ 24% мяркуюць, што праз год нічога не зменіцца. Больш за 60% расіян лічаць, што расійскія ўлады імкнуцца да збліжэння з Беларуссю, супрацьлеглага меркавання — 12%. Пра імкненне беларускіх улад да збліжэння з Расіяй кажуць 44%, пры гэтым 23% рэспандэнтаў мае супрацьлеглае меркаванне.

Да Аляксандра Лукашэнкі практычна палова апытаных (47%) ставіцца добра (54% у 2015 годзе), яшчэ 40% паведамілі, што гэтая фігура ім абыякавая (33% тры гады таму), 6% адзначылі, што яны негатыўна ставяцца да кіраўніка Беларусі ​​( 4% у 2015 годзе). Не ведаюць, хто такі Лукашэнка, 2% расіян (3% у 2015 годзе).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0