У Стаўбцоўскай раённай ветстанцыі TUT.BY распавялі, што воўк, які пакусаў людзей у горадзе, быў шалёным. У Стоўбцах і вёсцы Слабада ўведзены каранцін на два месяцы. Менавіта ў гэтых месцах зафіксавалі кантакт з жывёлай. У Стоўбцах ваўка выявілі на ўскраіне горада.

У нядзелю, 27 студзеня спецыялісты абышлі людзей, каб выявіць іншыя кантакты з ваўком. Зараз ва ўзмоцненым рэжыме праходзіць вакцынацыя хатніх сабак і катоў ад шаленства. Стаўбцоўская гарадская участковая ветлякарня працуе да 20.00, а не да 17.00, як раней. Час працы павялічылі, каб людзям было зручней прывозіць жывёл для вакцынацыі.

Нагадаем, вечарам 26 студзеня каля 23.00 у міліцыю Стоўбцаў паступіла адразу некалькі паведамленняў пра ваўка. У раённую бальніцу звярнуліся чатыры чалавекі: непадалёк ад чыгуначнай станцыі спачатку воўк напаў на мужчыну і жанчыну, затым у гэтым жа раёне — яшчэ на адну пару мінакоў. У пацярпелых медыкі зафіксавалі шматлікія ўкусы.

Міліцыя выехала на пошук жывёлы, і літаральна праз некалькі хвілін паступіла паведамленне ад мясцовага жыхара — на вуліцы 17 Верасня воўк стаў кідацца на яго аўтамабіль.

Жывёлу застрэлілі.

Выпадкі, калі здаровы дзікі воўк выйшаў да людзей у горад, вельмі рэдкія. Практычна ўсе падобныя факты агрэсіі ваўка ў адносінах да чалавека ў буйных населеных пунктах адзінкавыя, і ўсе яны тлумачыліся шаленствам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?