Астраном і фатограф Віктар Малышчыц стаў удзельнікам не вельмі прыемнай сітуацыі.

Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

Яго жонка выклікала таксі службы «Сталіца 135». Прыехала жанчына на вялікім белым «Фордзе». Толькі яго жонка паспела сесці і стала тлумачыць, куды ехаць, як кіроўца адразу перапыніла: «А что, у вас никто по-русски не разговаривает?» І на абсалютна спакойны адказ, што тут сапраўды ўсе шэсць чалавек размаўляюць па-беларуску, выдала: «Я белорусского языка на дух не переношу».

Потым кіроўца пачала прыдзірацца і хаміць усю дарогу. Дакалупалася да бабулі, якая не магла ніяк зашпіліць рамень бяспекі. Чаплялася да дзяцей.

Віктар Малышчыц у звароце да службы таксі напісаў:

— Вы ж самі ведаеце, што рэпутацыя зарабляецца гадамі, а вось губляецца ў адзін момант. Паводзіны вашай мадам былі прыблізна такімі ж, як у гіпатэтычнага таксіста з Масквы, які абзывае ўсіх пасажыраў ватнікамі і прынцыпова размаўляе з імі па-англійску, адкрыта ненавідзячы рускую мову. Прычым ведаеце — такіх людзей змяніць ужо немагчыма, адзіны варыянт — даць ім працу, не звязаную са стасункамі з людзьмі.

У кампаніі адрэагавалі на гэты выпадак. Са спадаром Малышчыцам сёння звязаліся ўсімі магчымымі спосабамі, аператыўна праверылі інфармацыю, папрасілі прабачэння і, каб выключыць падобныя выпадкі з гэтым таксістам, звольнілі яе.

«Таму хачу падзякаваць службе 135 за хуткую рэакцыю, за жаданне ісці насустрач, а таксама за беларускую мову камунікацыі»,

— напісаў Малышчыц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0