Угаворваць іх спыніць галадоўку – значыць, лічыць галадоўнікаў неразумнымі дзецьмі, няздольнымі ўсьвядоміць цаны сваіх учынкаў.

Выказваньні Аляксандра Мілінкевіча падчас нядаўняй паездкі ў Парыж на сэсію Эўраатлянтычнай Асамблеі ажывілі дыскусію, якая здавалася даўно пахаванай.

Паездка супала з заявамі «Газпрому» аб рэзкім падвышэньні цэнаў на газ для Беларусі з наступнага году, а таксама з чуткамі наконт меркаваных плянаў крамлёўскай адміністрацыі далучыць Беларусь да Расеі. І лідэр беларускай апазыцыі ня мог не рэагаваць на гэтыя заявы і чуткі. Адказваючы на пытаньні замежных журналістаў, Мілінкевіч, у прыватнасьці, сказаў: «Незалежнасьць Беларусі пад пагрозай, і можа так стацца, што барацьба за дэмакратыю будзе другаснай у параўнаньні з барацьбой за існаваньне сваёй краіны». Словы аб «другаснасьці дэмакратыі» стасоўна змаганьня за незалежнасьць многім нагадалі ранейшыя выказваньні лідэраў Беларускага народнага фронту. Такую пазыцыю падзяляюць, без усялякага сумневу, і многія цяперашнія лідэры БНФ. Некаторыя робяць гэта моўчкі. Некаторыя ўслых кажуць, што трэба падтрымаць кіраўніка дзяржавы ў ягоным імкненьні адстаяць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі.

Такім чынам, апазыцыю і кіраўніка, якія маюць агульную стратэгічную мэту, падзяляюць, відавочна, ўсяго-толькі «другасныя пытаньні» кшталту адсутнасьці дэмакратыі й свабоды.

Падобныя выказваньні, а таксама погляды, якія ляжаць у грунце гэтых выказваньняў, маюць даўжэзную гісторыю. Прынамсі, зьявіліся яны ня ўчора і ня заўтра зьнікнуць. Магчыма, увогуле ня варта было адгукацца на гэтыя выказваньні, бо яны закранаюць, насамрэч, пытаньні сьветапогляду. Спрачацца па такіх пытаньнях – толькі марнаваць час.

Але само жыцьцё ўмешваецца ў спрэчку і прапануе адказ. Жыцьцё ў сёньняшняй Беларусі не дазваляе сядзець на двух крэслах. З аднаго боку, улады парушаюць законы, правы чалавека ні ў што ня ставяць, адбіраюць у нас свабоду і таму, вядома, яны робяць нядобра. Але, зь іншага боку, – хто ж абароніць нашую незалежнасьць, як ня родная ўлада на чале з найвышэйшым яе кіраўніком, тым больш, у сьвятле замежнай пагрозы? Таму – давайце гуртавацца вакол кіраўніка дзяржавы, які адзіны ёсьць гарантам незалежнасьці й сувэрэнітэту. А калі пагроза зьнікне, тады папросім яго правесьці справядлівыя й сумленныя выбары, папросім свабоды слова, папросім вызваліць палітвязьняў, папросім ня зьдзекавацца больш з нас і нашых дзяцей, ня зьдзекавацца зь беларускай мовы і культуры.

Дык вось дзеці і не дадуць нам утульна сядзець у сваіх крэслах ды разважаць пра гістарычныя ўмовы высьпяваньня дэмакратыі ў адной асобна ўзятай краіне.

Галадоўка маладафронтаўцаў – юнакоў і дзяўчат – ня можа пакінуць абыякавымі нармальных людзей, якіх бы палітычных поглядаў, якой бы тактыкі й стратэгіі яны ні трымаліся, якую б веру ні вызанавалі. Няма на сёньня больш важнай задачы, чым падтрымаць галадоўнікаў, хаця б маральна. Усё астатняе ў параўнаньні з гэтым мусіць адысьці на другі ці нават трэці плян.

І ніхто, ніводзін чалавек, калі ў яго засталася хоць кропля сумленьня, не асьмеліцца сказаць пра гэтых юнакоў і дзяўчат, што яны – не патрыёты, што яны не за Беларусь. Так, яны не за тую Беларусь, што намалявана на перадвыбарных плякатах. Яны – за сапраўды свабодную і незалежную, дэмакратычную Беларусь.

У гэтым шэрагу словаў няма больш важных і менш важных. Свабодная – значыць дэмакратычная. Несвабодная – значыць залежная. Залежная ад прыхамаці правадыра, ад страху яго чыноўнікаў, ад баязьлівасьці й прыніжанасьці падначаленых, якія не адчуваюць сябе ня тое што грамадзянамі, а проста сумленнымі людзьмі.

Сваімі паводзінамі, сваёй салідарнасьцю, баронячы сваіх сяброў, якія застаюцца ў засьценках КДБ, яны бароняць права беларусаў на ўласную годнасьць. Змагаюцца за нашу і вашу свабоду!

Нядаўна, цягам некалькіх сакавіцкіх дзён, яны прадэманстравалі гэтае права, стоячы на Плошчы, усяму сьвету і сваім суайчыньнікам.

Цяпер нам, іхным суайчыньнікам, трэба давесьці, што і ў нас ёсьць годнасьць. Што мы не пакінем сваіх дзяцей сам-насам з рэпрэсіўнай дзяржавай, да стварэньня і існаваньня якой, на жаль, мы ўсе маем дачыненьне.

Умаўляць іх спыніць галадоўку – значыць, лічыць галадоўнікаў неразумнымі дзецьмі, няздольнымі ўсьвядоміць сэнсу і цаны сваіх учынкаў. Лідэры апазыцыі – той жа Мілінкевіч, Казулін, хоць і не адразу, але зразумелі гэта і выказаліся ў падтрымку галадоўнікаў. Мілінкевіч абяцаў дапамагчы тым, што пра акцыю даведаюцца за мяжой. Але гэтага недастаткова. Трэба, каб пра галадоўку даведалася і зразумелі яе сэнс як мага больш людзей у Беларусі. Свабода слова ёсьць зусім ня другасным, але кардынальна важным чыньнікам вызваленьня. Дзіва што за свабоду трэба змагацца! Важнасьць гэтага чыньніка лепей за апазыцыю разумее ўлада, таму й душыць свабоднае слова. Без змаганьня за свабоду слова, за свабоду нашых дзяцей, ніколі ня будзе вольнай Беларусі.

Яна так і будзе называцца не Беларусь, але – Белоруссия.

Адзін свой шанец апазыцыя ўжо ўпусьціла – на Плошчы, патапіўшы сэнс таго, што там адбылося, ў бясплённых дыскусіях. Кшталту: ці назваць свабоду рухам ці кампаніяй. Ня трэба шукаць вызначэньняў і тлумачэньняў свабоды. Ня трэба яе проціпастаўляць незалежнасьці, заблытваючы саміх сябе. Чалавеку, пазбаўленаму фізычнай свабоды, усё гранічна ясна. Ад палітыкаў зараз патрабуюцца канкрэтныя дзеяньні ў абарону свабоды. Усё астатняе – другаснае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0