Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава паведаміла пра задачу па забеспячэнні наяўнасці не менш за 30% кантэнту айчынных тэлеканалаў на беларускай мове.

Як паведамляе карпаратыўнае выданне «Калійшчык Салігорска», аб адпаведным даручэнні Качанава паведаміла падчас нядаўняй сустрэчы з працоўным калектывам «Беларуськалія».

«Начальнік аддзела інфармацыйна-ідэалагічнай працы (Беларуськалія) Наталля Навіцкая задала пытанне аб папулярызацыі беларускай мовы на айчынным тэлебачанні. Наталля Іванаўна (Качанава) пагадзілася з прапановай і нагадала пра тое, што пастаўлена задача аб наяўнасці не менш за 30% кантэнту айчынных тэлеканалаў на беларускай мове», — сказана ў публікацыі.

Пазней прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант абвергла публікацыю «Калійшчыка» ў каментары для радыё «Свабода».

Згодна з законам «Аб СМІ», расказала яна, гаворка ідзе пра 30% нацыянальнага кантэнту — фільмаў і перадачаў, створаных у Беларусі. А ў кантэксце гэтага «можна разлічваць і на тое, што беларуская мова будзе выкарыстоўвацца часцей».

На ўдакладненне аб наяўнасці нейкай іншай квоты на беларускую мову на ТВ яна адказала: «Вядома, не, няма». На думку Эйсмант, журналісты, якія перадавалі словы Качанавай, нешта наблыталі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0