29-гадовы ўкраінец Яраслаў Ракіцкі падпісаў кантракт на 3,5 года з піцерскім «Зенітам». Да гэтага ў біяграфіі футбаліста быў усяго толькі адзін клуб — данецкі «Шахцёр», за які ён правёў больш за трыста гульняў.

Ва Украіне, вядома, такі трансфер не ўспрынялі з энтузіязмам. На Ракіцкага ляціць досыць шмат крытыкі. Але самім пераходам у клуб «Газпрама» там мала хто здзівіўся. А чаму так?

Сам Ракіцкі з гарадка Першатравеньск Днепрапятроўскай вобласці. У абласным цэнтры, Дняпры, жывуць і бацькі гульца. У трынаццаць гадоў ён трапіў у школу данецкага «Шахцёра», дзе прайшоў усе прыступкі сталення.

Ракіцкі — цэнтральны абаронца. Адзін з найбольш надзейных у сваім амплуа на постсавецкай прасторы. Здаецца, Украіна павінна толькі радавацца такому выканаўцу, але не ўсё так проста.

І хаця Ракіцкі правёў звыш пяцідзесяці матчаў за нацыяльную зборную Украіны, але балельшчыкі ўсё адно заставаліся ім незадаволеныя.

Справа ў тым, што Ракіцкі прынцыпова ніколі не выконвае нацыянальны гімн Украіны. А яшчэ не трымае руку на сэрцы, калі ён выконваецца. Натуралізаваныя бразільцы трымаюць, а Ракіцкі — не.

«Я ведаю словы гімна, але не спяваю. Проста так не спяваю. Настройваюся на матч, каб паказаць найлепшую гульню», — казаў ён.

Дае падставу для размоваў Ракіцкі і іншымі ўчынкамі. Напрыклад, ён ніколі не выказваўся ў падтрымку ўкраінскіх салдатаў, якія ваююць на ўсходзе краіны. Затое аднойчы лайкнуў са свайго акаўнта ў інстаграме парад у гонар чарговай гадавіны «ДНР». Калі пра гэта пачаліся размовы, то «падабайку» футбаліст выдаліў.

Іншы гулец данецкага «Шахцёра» Андрэй Пятаў у свой час увогуле фоткаўся з сепаратыстамі з георгіеўскімі стужкамі. Трэнера зборнай Андрэя Шаўчэнку нават прасілі не выклікаць гэтых футбалістаў у стан зборнай.

Ракіцкі вельмі любіць родны Данецк. Ён набівае на скуры татуіроўкі з выявай горада. А пасля перамог піша: «Данбас, ты ў нашых сэрцах, гэтыя перамогі дзеля вас».

У сацыяльных сетках футбаліст Ракіцкі можа павіншаваць жыхароў Данецка з Днём шахцёра, затое заўсёды ігнаруе афіцыйныя ўкраінскія святы. Ездзіў на адпачынак у Крым ужо пасля акупацыі паўвострава.

Летась пасля гульні «Шахцёра» і кіеўскага «Дынама» адзін з балельшчыкаў кіяўлян выскачыў на поле і ўдарыў Ракіцкага. Той адрэагаваў спакойна: «Гэта балельшчыкі, гэта нармальна. Я прапанаваў яму выйсці адзін на адзін, але той адмовіўся».

Калі ўжо стала вядома пра пераход у «Зеніт», то фанаты «Шахцёра» напісалі ў сваім твітары: «Рак [мянушка Ракіцкага — «НН»], выбар не ўхваляем. Але дзякуй за прыцэлы, оптыку, спальнікі і другія рэчы, дзякуй!» Ясна, што ніякай дапамогі байцам АТА Ракіцкі не аказваў.

Цяпер заўзятары спрачаюцца, ці варта Ракіцкага далей выклікаць пад сцягі зборнай. Зрэшты, ці паедзе сам Яраслаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?