Сапраўды, улада перажывае цяжкі час. І не толькі таму, што прывід крызісу ўжо грукае ў дзверы.

Міністр унутраных спраў спяшаўся на працу. Побач з ім крочыў нейкі адказны таварыш. Напэўна, таксама з чыноў міліцэйскіх. Абое — у цывільным.

Няйначай ва ўмовах надыходзячага крызісу ўжо зберагаюць амуніцыю ад заўчаснага зносу. На шляху да міністэрства трапілася ім раптам нешта неверагоднае. Перад парадным уваходам у КДБ, сашчапіўшы рукі на патыліцы, рухалася купка маладых людзей у паласатай робе вязняў. І гэта не дзе‑небудзь у хмызняках за плошчай Бангалор. Пад сценамі тутэйшай Цытадэлі. Там, дзе зблакаваліся надзейна МУС і КДБ, — аплот улады.

Невядома, ці то разгневаны Навумаў, уварваўшыся ва ўласны габінет, націснуў на ўсе кнопкі. Ці то грымнуў голас з вышыні: «Што ў цябе там робіцца пад вокнамі?..» Але праз момант амапаўцы ўжо заганялі тых, у робах, за жалезную браму КДБ.

А перад ГУМам адбывалася і ўвогуле штосьці ідыёцкае. А

мапаўцы кінуліся на затрыманне хлопцаў і дзяўчат, якія — падумаць страшна! — раздавалі мінакам «Дэкларацыю правоў чалавека».
На белых камізэльках парушальнікаў спакою чыталіся словы пра тое, што Дэкларацыі — 60 гадоў. І знайшлася ж ў год юбілею краіна, дзе раздача вядомага ўсім прававога акта выклікала гэткі пярэпалах. Каб надта не хваляваць пакупнікоў вядомай крамы, вартавыя парадку скарысталі сродкі маскіроўкі.

Як і высокае начальства, выйшлі на небяспечную аперацыю ў цывільным — у чорных куртках і лыжных шапачках. Аднолькавыя, як гантэлі саматужнага фізкультурніка, яны рашуча затрымалі раздатчыкаў крамолы шасцідзесяцігадовай даўніны. Схапілі нават віэ‑прэзідэнта Міжнароднай арганізацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага.

Такое вось атрымалася шчырае прывітанне з нагоды юбілею заходнім абаронцам мясцовага рэжыму. Які, паводле іх версіі, упэўнена скіраваўся на шлях незваротнай дэмакратызацыі. Затрыманых зацягнулі ў пастарунак. І там, па даўняй завядзёнцы, асабліва ненавісных збілі. А ў цэнтры горада гойсалі амапаўцы ды розныя спецслужбы. Яны строга пільнавалі, каб дзе‑небудзь не вытыркнулася зноў тая Дэкларацыя.

Пра яе тут лепей не ўзгадваць. Па дадзеных аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі Freedom House наша рэспубліка нават сярод постсавецкіх краін — на адным з апошніх месцаў. ААН зацікавілася станам правоў чалавека ў Беларусі. І ў гэткіх умовах улада наладзіла яшчэ сапраўдную аблаву на тых, хто ўсяго толькі паспрабаваў нагадаць пра «Дэкларацыю правоў чалавека». Зноў выразна засведчылі, што ніякіх зрухаў да лепшага тут чакаць не даводзіцца. Якую небяспеку ўбачылі яны ў некалькіх старонках даўно ўсім вядомага міжнароднага дакумента? Тыя, каго ён мог бы нейкім чынам узрушыць, даўно здолелі ўсё прачытаць. Астатніх не надта цікавяць высокагуманныя пастулаты. Правы чалавека — не для нас. Гэта недзе там, за акіянам. Або ва ўсякім разе, за мяжой. А тут амапавец з дубінай, пераапрапрануты ў цывільнае. І пастарунак з тым амапаўцам, правы якога ў выпадку непаразумення надзейна абароніць самы справядлівы ў свеце суд.

Немагчыма знайсці абгрунтавання дзеянням сілавікоў. Ніякай логікі, ніякага сэнсу. Моцная ўлада так сябе не паводзіць.
Не ўсё пад кантролем нават у краіне бязмежнай стабільнасці. І даводзіцца саміх сябе пераконваць, што рэжым па‑ранешаму моцны. І няма ў свеце сілы, якая пахіснула б вертыкаль. І ўлада можа спаць спакойна. Але ёй, пакутніцы, не спіцца. Нават да яе даходзіць паціху ўсведамленне сапраўднай рэальнасці. А яна зусім ужо незайздросная. І таму выбухаюць зноў і зноў невытлумачальныя акты паліцэйшчыны. Недарэчныя і бессэнсоўныя. Бесперапынныя затрыманні моладзевых актывістаў. Пераслед іх арганізацый. Спробы беззваротна выціснуць няўгодных за мяжу. Здаць у салдаты. Якім заўгодна чынам прымусіць змоўкнуць, знікнуць, сысці з вуліцаў і плошчаў. Здаровы сэнс тут нават не начуе. Усё перайшло у стадыю абсурду.
Затрымалі двух хлопцаў на вакзале. У іх заплечніках знайшлі сцяжкі. А на тых сцяжках некалькі словаў: «За МТС па‑беларуску».
Здавалася б, чаго тут хвалявацца? Так і павінна быць — дзяржаўная мова. Але міліцыянты адразу зразумелі, як усё гэта небяспечна для ўлады. Далей ужо крамольнымі сцяжкамі займаліся чакісты. Штосьці падобнае ў гісторыі было. У царскай Расіі затрымалі неяк кухарскую кнігу. Там быў жудасны радок: «Пироги пекутся в вольном духе». Вольны дух — у Расіі?.. Але пільнасць тая імперыю чамусьці не ўратавала.

Ва ўласныя забабоны пра стабільнасць і спакой вертыкаль не верыць ні на грош. І насцярожана чакае магчымых забурэнняў. А таму ўсе надзеі — толькі на сілавікоў. Ніхто там не павінен разважаць. Тым болей, сумнявацца. Таму на кожную праяву іншадумства ім даводзіцца рэагаваць рашуча і брутальна. Толькі так усю гэтую арду можна ўтрымліваць у належнай форме.

Сапраўды, улада перажывае цяжкі час. І не толькі таму, што прывід крызісу ўжо грукае ў дзверы.
За парогам выразна бачыцца ўсё тое, што некалі мы тут перажылі. Няўмольнае падзенне сусветных цэн на нафту. Згортванне рынку. Дэфіцыт. Спачатку бюджэтны. А потым — па спісу. З адпаведнымі наступствамі. І колькі ні павялічвай спецназы ды АМАПы, рэліктавую ўладу ім не ўтрымаць. Рэжым учорашняга дня рана ці позна застанецца ў мінулым.

Уладзімір Халіп, Хартыя'97

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0