Случчанка вяла свой блог у інстаграме, выкладваючы відэа ў рэжыме рэальнага часу, дзе яна знаходзіцца, заўсёды ставіла геалакацыю на фотаздымках. Гэтым і скарысталіся зламыснікі. Калі дзяўчына паведаміла ў сторыс, што яна пайшла ў салярый, у яе скралі машыну.
Гэтая гісторыя здарылася са случчанкай Катрынай Гайсінай. Яна жыве ў Санкт-Пецярбургу, у Instagram-блогу ў дзяўчыны больш за 100 тысяч падпісчыкаў.
Сястра Кацярыны — Ксенія Івашка — распавяла пра гэты выпадак: «Сястра запісала сторыс, што прыехала ў салярый і выклала фота ў Instagram. Пакуль Катрыны не было прыкладна 12—15 хвілін, у яе скралі машыну, — успамінае Ксенія Івашка. — Паліцыя глядзела запісы з камер відэаназірання на вуліцах горада. Як аказалася, за сястрой сачылі некалькі дзён. Вылічылі колькі было чалавек — два хлопцы і дзяўчына, на якой машыне. За горадам у радыусе двух кіламетраў машына знікла.
У сястры ў машыне былі бабуліны кансервы з Беларусі, футра, іншыя рэчы. На ключах вісела бірулька ў форме Мікі Маўса. Пра гэта ведалі толькі блізкія.
Сястры тэлефанавала нейкая п'яная дзяўчына ноччу і казала, што «я цябе ненавіджу», «мяне злуеш ужо даўно», «я табе гэтую бірульку з Мікі Маўсам у зад засуну» і іншыя агідныя рэчы. Спачатку расследаванне вялося актыўна, а потым рэзка затармазілася».
Пасля гэтага выпадку Катрына на сваёй старонцы ў Instagram стала менш паказваць сваё прыватнае жыццё. А машыну так і не знайшлі.