Суд над Сяргеем Ляшкевічам пакінуў шмат пытаньняў. Чаму ў ініцыятыўную групу ўзялі староньніх людзей з сумнеўнай рэпутацыяй? Хто быў той утоены сьведка «Навагран», празь якога хлопец загрымеў па крымінальным артыкуле?

Нагадаем, што адзін са сьведкаў, нехта Навагран, на суд не зьявіўся, матывуючы гэта страхам фізычнай расправы. Анкетныя зьвесткі Наваграна, у тым ліку прозьвішча, былі зьмененыя ў мэтах ягонай бясьпекі. Яго сьведчаньні, зробленыя падчас сьледчых мерапрыемстваў зачыталі ў судзе. Зь іх вынікае, што Сяргей Ляшкевіч і яго паплечнікі вялі антыдзяржаўную дзейнасьць і яшчэ ў лістападзе мінулага году схілялі яго да ўдзелу ў масавых акцыях.

У дзеячоў беларускага руху з Шчучына ёсьць меркаваньне, хто хаваецца за зьмененым прозьвішчам. Амаль на 100% яны пэўныя ў канкрэтным чалавеку, якому, па іх словах, ня страшна, а папросту сорамна за свой учынак. Падчас выбарчай кампаніі 2001 г. ён спрабаваў трапіць у склад ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша. Як кажуць тагачасныя актывісты домашаўскага штабу, вельмі цікавіўся матэрыяльным бокам працы, але быў расчараваны і сышоў у ініцыятыўную групу іншага кандыдата на прэзыдэнты.

У часе таго збору подпісаў ён увайшоў у прыяцельскія адносіны зь Сяргеем Ляшкевічам. Быў знаёмы і зь іншымі дэмакратычнымі актывістамі. Паводле словаў сяброў ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, з таго году гэты чалавек палітычнай актыўнасьці не праяўляў, з прадстаўнікамі дэмакратычнага асяродку спыніў усялякія кантакты і пра яго амаль забылі. Зьвяртае на сябе ўвагу і той факт, што гэты чалавек неяк дзяліўся ўражаньнямі ад вайсковай службы пад камандаваньнем Паўлічэнкі.

Суд над С.Ляшкевічам на тле агульнага размаху рэпрэсіяў ня дзівіць, хоць артыкул, паводле якога яго судзілі, пакуль для Беларусі экзатычны.

Уражвае і іншае: зь якой лёгкасьцю ў ініцыятыўную групу бралі староньніх людзей з сумнеўнай рэпутацыяй. Сябры шчучынскай суполкі БНФ кажуць на гэта наступнае: «Мы – адкрытая структура, ня сэкта і не падпольшчыкі. Таму прымаем дапамогу ад усіх ахвотнікаў. А часу, каб правяраць анкетныя зьвесткі кожнага, хто прапануе дапамогу, проста няма».

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0