Бацькі загінулага ў Рэчыцкім раёне ваеннаслужачага часці № 5525 унутраных войскаў МУС 19‑гадовага Антона Далгалёва не згодныя з перададзеным ім экспертным заключэннем аб прычыне смерці сына.

Нагадаем, салдат загінуў 11 снежня ў Рэчыцкім раёне.

У Гомельскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры, якая распачала крымінальную справу па факце гібелі, паведамілі БелаПАН, што

«пры змене агнявой пазіцыі радавы спатыкнуўся і ўпаў, яго галава апынулася на дуле, а палец заставаўся на курку зброі; адбыўся стрэл, раненне прыпала на галаву, і салдат загінуў на месцы».

Па факце гібелі радавога ўнутраных войскаў МУС Беларусі распачата крымінальная справа на падставе артыкула «Парушэнне правілаў абыходжання са зброяй, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека». Салдату заставаўся прыкладна месяц да звальнення ў запас.

Як паведаміў у інтэрв’ю БелаПАН бацька загінулага жыхар Рагачова Міхаіл Далгалёў, у заключэнні аб смерці яго сына напісала, што ён памёр ад «адкрытай чэрапна‑мазгавой траўмы».

«Але было ж агнястрэльнае раненне — чаму гэта не ўказана ў заключэнні? Сын не першы раз удзельнічаў у стрэльбах, умеў абыходзіцца са зброяй. Я пакуль нікога не хачу вінаваціць. Мы з жонкай пачакаем, пакуль закончыцца разбор, следства па гэтай справе. Камандзір роты казаў нам, што ён прысутнічаў на вучэннях, бачыў, як усё адбылося: маўляў,

cын зачапіўся наском чаравіка, упаў, і адразу прагучала чарга. Вядома, цяжка паверыць у гэта.
Я сам служыў і не магу ўявіць, як такое магло быць. У любым выпадку мы дачакаемся вынікаў расследавання і будзем потым вырашаць, што рабіць», — пракаментаваў М.Далгалёў.

Паводле слоў бацькі, Антон з 1 па 20 кастрычніка быў у адпачынку дома ў Рагачове, за два дні да смерці тэлефанаваў дамоў, казаў, што ў яго ўсё добра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?