Піша ў блогу на naviny.by Мікалай Статкевіч.

Да прэзідэнцкіх выбараў яшчэ болей за два гады, а асобныя палітолагі ўжо актыўна абмяркоўваюць тэму кандыдата ад апазіцыі. Колькі павінна быць такіх кандыдатаў – адзін ці болей, якім павінен быць самы лепшы кандыдат – старым ці новым, правым ці левым. Некаторыя нават негра прапануюць. За палітолагамі ў дыскусію пачалі ўцягвацца і палітыкі.

Крый Божа, каб шаноўны чытач падумаў, што аўтар гэтага тэксту вырашыў згодна з папулярнай у апазіцыі тэндэнцыяй перакваліфікавацца ў палітолага, каб адцягнуцца на былых калегах па барацьбе. Гэта не так, бо, па‑першае, прывык усе справы даводзіць да канца, а па‑другое, адукацыя не тая — ніколі не быў ні выкладчыкам марксізма‑ленінізма, ні нават філолагам. Проста мне шкада глядзець на творчыя пакуты добрых людзей. Ды і мінулага досведу, каб даць патрэбную параду, у аўтара ўсё ж дастаткова. Як былы навуковец, не буду тлуміць галовы нейкімі там сістэмнымі падыходамі і г. д. Тут будзе дастаткова ведаў былога вайскоўца.

На мой погляд, шаноўныя палітолагі ўзяліся з праблему не з таго канца. Лагічна меркаваць, што патрабаванні да колькасці і якасцяў кандыдатаў вынікаюць з абранай стратэгіі ці плана дзеянняў апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах, а не наадварот. Любы лейтэнант пасля вайсковай вучэльні ведае (ва ўсялякім разе, яму пра тое казалі) паслядоўнасць распрацоўкі плана дзеянняў ва ўмовах супрацьстаяння з праціўнікам: а) ацаніць сітуацыю; б) сфармуляваць мэту сваіх дзеянняў у дадзенай сітуацыі; в) паставіць неабходныя задачы і вырашыць іх, каб дасягнуць мэты дзеянняў.

Напрыклад, у 2000 годзе Народная Грамада папярэдне ацаніла тагачасную парламенцкую кампанію як несумленную, бо ўлада на той час ужо шырока выкарыстоўвала фальсіфікацыі бюлетэняў, якія дасягалі 15% галасоў выбаршчыкаў. Таму намі была пастаўлена мэта перамогі ў асобных акругах, дзе значная большасць выбаршчыкаў была гатова падтрымаць дэмакратычных кандыдатаў. Былі і іншыя аргументы на карысць удзелу ў тых выбарах. Гэтыя аргументы нядаўна ў палеміцы з прыхільнікамі байкоту сёлетніх выбараў даволі дакладна пераказалі палітыкі, якія ў 2000 годзе самі былі арганізатарамі байкоту. Тады значная частка дэмакратычнага электарату паслухала іх. У выніку байкот афіцыйна адбыўся там, дзе апазіцыйныя кандыдаты выходзілі ў другі тур. Дэмакраты згубілі апошні шанец прабіцца ў парламент, бо ўжо на паўторных выбарах у сакавіку 2001 года (і на ўсіх наступных) ўлады ўжылі фальсіфікацыю не бюлетэняў, а пратаколаў, якая не мае абмежаванняў.

Напярэдадні парламенцкай кампаніі 2008 года Народная Грамада і яе саюзнікі па Еўрапейскай кааліцыі заявілі аб вызначанасці афіцыйных вынікаў выбараў. Перамога на такіх выбарах нават у асобных акругах была немагчыма пры любой стратэгіі апазіцыі. Фальсіфікацыі пратаколаў можна спыніць толькі шматтысячнымі акцыямі пратэсту, арганізаваць якія ва ўмовах абыякавага стаўлення грамадства да парламенцкіх выбараў нерэальна — людзі ведаюць, што беларускі «парламент» нічога не вырашае. Таму мы ставілі падчас гэтых выбараў іншыя, даволі разнастайныя мэты. Разнастайным, нават супярэчлівым, быў і інструментар дасягнення гэтых мэтаў. Напрыклад, каб узмацніць партыйныя структуры і даць міжнародным арганізацыям доказы фальсіфікацый выбараў, было вылучана шмат кандыдатаў з Народнай Грамады і Партыі свабоды і прагрэса. А каб не дапусціць прызнання выбараў беларускім грамадствам і узмацніць моладзевыя структуры, Малады Фронт актыўна заклікаў да байкоту галасавання. Так што аргументы праціўнікаў кампаніі «Байкот‑2008» спазніліся гадоў на восем.

Зараз даволі цяжка ацаніць умовы, у якіх будуць адбывацца прэзідэнцкія выбары – за два гады шмат што можа змяніцца. Але, калі ва ўладзе захаваецца сённяшні рэжым, відавочна, што ён будзе намагацца правесці выбары па звыкламу імітацыйнаму сцэнару. І ніякія эканамічныя цяжкасці, ніякія эканамічныя прэферэнцыі Захаду не прымусяць гэты рэжым правесці рэальную дэмакратызацыю – усе гульні з Еўропай гуляюцца, каб захаваць уладу, а не рызыкаваць ёю на сапраўдных выбарах. У гэтых варунках стратэгія апазіцыі на прэзідэнцкую кампанію можа быць скіравана альбо на ўдзел дзеля перамогі, альбо (і гэта ўжо агучана нашымі былымі калегамі па АДС) — на ўдзел дзеля збору доказаў фальсіфікацыі выбараў .

У адрозненне ад парламенцкай кампаніі, увага да прэзідэнцкіх выбараў велізарная, бо выбаршчыкі разумеюць, што пераможца такіх выбараў рэальна кіруе краінай і ад яго залежыць іх жыццё. Прэзідэнцкія выбары ў надзвычайнай ступені палітызуюць грамадскае жыццё краіны. Калі ж апазіцыя на такіх выбарах, нават на самых несумленных, будзе ставіць мэтай не перамогу, а збор нейкіх доказаў, то ў Беларусі і за яе межамі ўзнікне пытанне – а як і калі тады яна збіраецца перамагаць? А мо яна і не збіраецца перамагаць? Нездарма былы лідар польскай апазіцыі і прэзідэнт Лех Валенса некалі наракаў на недахоп у беларускай апазіцыі рашучасці. Тады навошта такая апазіцыя, якая нават не плануе змагацца за перамогу ў краіне, дзе большасць хоча перамен і дзе за 15 год адзін і той жа твар у тэлевізары дастаў амаль усіх?

Правячы рэжым паступова губляе сваё апірышча, абгрунтаванне неабходнасці свайго існавання ў масавай свядомасці беларусаў. Ён ужо мусіць адмаўляцца ад апоры на савецкую настальгію, на «саюзную» і антызаходнюю рыторыку. Зараз на нашых вачах ляскаецца і славутая «стабільнасць». Непазбежным робіцца ўсведамленне тупіковасці абранага шляху спачатку элітамі, а потым і большасцю грамадства. У такіх варунках адказная апазіцыя абавязана выпрацаваць і рэалізоўваць стратэгію перамогі дэмакратыі. Замест змагання за захаванне дзяржаўнасці Беларусі ўжо наспеў час змагання за ўладу ў ёй. Відавочна, што пераможная стратэгія не можа знаходзіцца толькі ў межах дзеючага заканадаўства, бо ўсё гэта заканадаўства скіравана на захаванне ва ўладзе яго аўтараў. Як казаў адзін дысідэнт, перайсці да дэмакратыі ў недэмакратычнай краіне законнымі сродкамі немагчыма, бо «законы» ў такой краіне закліканы не дапусціць да дэмакратыі.

Апазіцыя абавязана выкарыстаць палітызацыю грамадства і той шанец, які даюць дэмакратыі прэзідэнцкія выбары. Магчымыя розныя варыянты стратэгіі перамогі на гэтых выбарах і, адпаведна, розныя патрабаванні да іх ключавой фігуры – кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў. Але адно патрабаванне будзе абавязковым і галоўным пры любым абраным варыянце пераможнай стратэгіі. Гэта – рашучасць кандыдата ісці да канца, яго гатоўнасць рызыкаваць свабодай ці нават жыццём дзеля перамогі. Вельмі часта выйграе не самая лепшая стратэгія, а тая, якая найбольш цвёрда і рашуча рэалізоўвалася. Лідар рэжыма ставіць на перамогу за захаванне сваёй улады ўласнае жыццё. Ён дзейнічае пад лозунгам «улада альбо смерць» і выйграе. Гэта як лабавая атака ў авіяцыі пад час апошняй вайны – хто не напалохаўся і не адвярнуў, той і выйграў. Каб мець шанец на перамогу, дэмакраты павінны вылучыць лідара, які не адверне ні пры якіх абставінах.

Адзін вельмі добры і прыстойны чалавек папрасіў мяне нядаўна падтрымаць аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Пры тым сумленна папярэдзіў, што сам магчымы кандыдат рызыкаваць не будзе, але каля яго ёсць адзін добры хлопец, які гатовы. Я адказаў, што тады лепш вылучаць гэтага хлопца, бо людзі ва ўмовах інфармацыйнай блакады апазіцыі здолеюць убачыць толькі кандыдата. Таму толькі ён будзе мець шанец запаліць і павесці іх за сабою. А добрага хлопца, не абароненага статусам кандыдата, вельмі лёгка вылічыць і пасадзіць, нават не на два гады, а на 15 сутак за брыдкаслоў’е напярэдадні рашаючых падзей.

Цяжка параіць палітолагам, каго лепш вылучаць – старога ці новага палітыка. У кожным з варыянтаў ёсць свае станоўчыя і адмоўныя бакі. Напрыклад, калі шукаць новага, то цяжка сказаць, ці выявіць ён сапраўдную рашучасць у крытычны момант. Аднойчы падтрымалі мы аднаго, не праверанага. Кляўся жыццё за свабоду не пашкадаваць, ды ў неабходны момант чамусці ўвесь пар у свісток скіраваў. А зараз яшчэ ездзіць па мястэчках ды хваліцца перад выбаршчыкамі, што не дапусціў рэвалюцыі і гвалту. Але ж мы абіралі пераможнага лідара, а не святара. З другога боку, хлусіць і падманваць спадзяванні прыхільнікаў – гэта і не па‑хрысціянску.

А вось яшчэ адзін прыклад. Вясна 2006 году. Сяджу на «хіміі» пад асабістай аховай, з надзеяй сачу за падзеямі на волі. Раптам недзе ў красавіку чытаю заяву новых, маладых лідараў. Маўляў, мы зрабілі Плошчу, мы зробім i Дэмакратыю. Спачатку здзівіўся (а што ж тады на той Плошчы рабілі Дашкевіч з Сіўчыкам?), але потым узрадаваўся за дэмакратыю – дачакаліся, нарэшце. А тут такая неспадзяванка – пасля Чарнобыльскага шляху і перад несанкцыянаванай першамайскай дэманстрацыяй амаль усіх старшыняў апазіцыйных партый пасадзілі на 15 сутак. Ну, думаю, зараз новыя лідары і праявяць сябе падчас гэтай дэманстрацыі. Вось дык і шанец у іх свае лідарскія здальнасці паказаць! І сапраўды — чытаю, што адказнасць за дэманстрацыю ўзяў на сябе шчыра паважаны мною, заўсёды малады і поўны энэргіі, асабліва на фоне сваіх «ватных» калегаў, Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч. Сола, як нехта сказаў.

Плюсам абрання кандыдатам вядомых палітыкаў, гэтак жа, як і іх мінусам, з’яўляецца вядомасць гэтых людзей. І мы, і ўлада занадта шмат пра іх ведаем. У тым ліку і пра іх асабістыя якасці. Напрыклад, чыста ўмоўна канешне, адзін у крытычны момант захварэе, другі нічога рабіць не будзе, бо Мінгарвыканкам не дасць яму дазволу на рэвалюцыю, а трэцяга паб’юць. Цікава, а што, калі яны ўсе разам пойдуць у кандыдаты збіраць доказы фальсіфікацый? І каго з іх тады начальнік дзяржавы загадае зарэгістраваць?

Складаная задача ў палітолагаў. Тым болей, што я, як палітык, магу быць суб’ектыўным. А яны ж абавязаныя быць аб’ектыўнымі і не могуць ляпіць нейкія штучныя схемы пад нечым прывабных для іх палітыкаў ці арганізацый. Але, чым здолеў – дапамог. Ды й часу яшчэ багата. А там, магчыма, пачытаю іх творы, ўзгадаю, чаму мяне вучылі на курсе маладога байца, ды яшчэ што‑небудзь параю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?