У Смаргоні адбылася прэзэнтацыя кнігі паэзіі і прозы Дар’і Ліс
з Залесься. Кнігу падрыхтаваў да выданьня Рух за Свабоду, яна выйшла ў сэрыі «Гарадзенская бібліятэка».

Гэта дэбют Дар’і Ліс, першая яе кніга. Як гарадзенцы знайшлі аўтарку, даведаліся пра яе творы? Апавядае Павал Мажэйка з Руху «За свабоду» з Горадні:

«Кніга Дар’і Ліс называецца «Вясновы джаз». Пазнаёміліся мы з Дашай абсалютна выпадкова. Зьвярнуўся да нас з просьбай надрукаваць яе кнігу Аляксандар Мілінкевіч. Ён быў на Смаргоншчыне, і мясцовыя актывісты папрасілі яго аб гэтым. У сваю чаргу я прапанаваў, каб прадмову да яе кнігі напісала Данута Бічэль. Кніга ў значнай ступені зроблена грамадзкім чынам гарадзенцаў: вокладка, шыхтоўля, карэктура і друк».

Дар’я Ліс мае абмежаваныя фізычныя магчымасьці. Але неабмежаваныя яе духоўныя магчымасьці. Яна пісала для «Нашай Нівы», радыё «Свабода», дапамагала руху інвалідаў‑вазочнікаў. Да яе горнуцца людзі ў яе маляўнічым Залесьсі.

Пра што кніга? Адказвае сама аўтарка: «Мая кніга — гэта зборнік апавяданьняў і вершаў. Вершы — пра тое, што хвалюе ў жыцьці, у палітыцы, у каханьні. Апавяданьні — гэта хутчэй гісторыі розных людзей, гісторыі, якія ў нейкай ступені маюць дачыненьне да мяне альбо да сяброў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?