На кватэры моладзевага актывіста Артура Фінькевіча ў суботу правялі ператрус.
Нагадаем, што 19 снежня Фінькевіча скралі і збілі невядомыя. Артур падаў заяву ў міліцыю, па факце збіцця была заведзеная крымінальная справа.
Хлопец кажа, што на наступны дзень міліцыянты правялі ператрус у кватэры, якую ён здымаў. Прычым, адбывалася гэта ў той час, калі Артура не было дома.
Фінькевіч кажа, што былі канфіскаваныя сцягі, газеты, матэрыялы датычныя дзейнасці «Маладой Беларусі», нататнікі, а таксама парваная куртка, якая была на ім падчас выкрадання.
Самому Артуру Фінькевічу ніякіх тлумачэнняў з нагоды ператрусу не далі. Гаспадар кватэры ж заявіў, што нікому яе не здаваў.