Лідэра моладзі БНФ Франака Вячорку затрымалі супрацоўнікі службы бясьпекі прэзыдэнта.
Франак выйшаў з пад’езду свайго дому на вуліцы Кальцова і адразу да яго падбеглі.

Франак пасьпеў патэлефанаваць па мабільным тэлефоне сваім паплечнікам і сказаў, што яго цягнуць у машыну. Пасьля гэтага міліцыянты адабралі ў яго мабільнік.

Франак Вячорка паведаміў, што яго прывезьлі ў ваенкамат і патрабавалі ад капітана Быкава, супрацоўніка ваенкамата, каб той уручыў Франаку позву на прызыўную камісію.

Франак запатрабаваў, каб позву яму ўручылі на беларускай мове. Спачатку вайскоўцы й супрацоўнікі службы бясьпекі гаварылі пра «дзьвюхмоўе», але пасьля таго як Франак назваў адпаведныя артыкулы закону аб мовах пайшлі раіцца з кіраўніцтвам.

Нарэшце, вайскоўцы напісалі позву Франаку Вячорку на беларускай мове, скарыстаўшыся слоўнікам. У выніку ў першым сказе напісана: «Заклічніку Франаку Вячорку трэба зьявіцца 22 сьнежня ў ваенкамат а 10‑й раніцы».

Франак Вячорка расказаў, што вайскоўцы назвалі яго «заклічнікам», бо ў слоўніку знайшлі пераклад слова «призыв» — «заклік».

Вячорка сказаў, што заўтра яго хочуць пакласьці ў рэспубліканскі вайсковы шпіталь. Гэта пры тым, што ён мае адтэрміноўку ад службы ў войску яшчэ на 3 месяцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?