Уласнікі катэджаў у Драздах, выстаўляючы на продаж сваю нерухомасць, стараюцца рабіць гэта максімальна незаўважна — не ўказваюць дакладны адрас, не фатаграфуюць дом з фасада.

«Дом з класічным інтэр'ерам, прадуманай функцыянальнай планіроўкай — у найлепшым месцы горада», — гаварылася ў аб'яве, размешчанай на сайце Realt.by (пасля цікавасці да дома з боку карэспандэнта «Нашай Нівы» аб'ява была выдалена — Рэд.).

Катэдж у неакласічным стылі плошчай 630 м2 выставілі на продаж за $3 мільёны — гэта самая дарагая прапанова ў Мінску.

Паводле апісання, дом знаходзіцца на вуліцы Ціхай, аднак на адмысловай карце была пазначаная іншая лакацыя. Рыэлтар адмовілася патлумачыць, які менавіта катэдж яна прадае: «Чым выкліканы ваш інтарэс?»

Аднак, як стала вядома «Нашай Ніве», гаворка вядзецца пра катэдж, які раней належаў 57-гадоваму бізнэсмену Уладзіміру Япрынцаву.

Чытайце: Пяць фактаў пра мільянера Уладзіміра Япрынцава

Чытайце. «Ганаруся я дружбаю з табой»: Япрынцаў падарыў песню Пуціну АЎДЫЁ

Ён быў бізнэс-партнёрам Юрыя Чыжа, меў дачыненне да «Трайпла». У 2015 годзе Япрынцаў быў арыштаваны. Яму інкрымінавалі махлярства, у бізнэсмена маглі канфіскаваць усю маёмасць. Аднак пазней пракурор перагледзеў абвінавачанне на ўкрывальніцтва злачынства: маўляў, Япрынцаў не прадухіліў злачынныя дзеянні свайго сына Казбека. У жніўні 2016 года бізнэсмен быў вызвалены ў зале суда.

У 2017 годзе Япрынцаў прадаў катэдж у Драздах свайму сябру Казбеку Рамазанаву — у гонар якога некалі назваў сына. Кошт угоды, паведамляюць крыніцы «Нашай Нівы», склаў каля $600 тысяч. Гэта значна ніжэй за рынкавы кошт.

Цяпер Рамазанаў выставіў дом на продаж за $3 мільёны.

«Для тых, хто аддае перавагу класіцы, але з сучасным гучаннем:

— чыстыя, высакародныя лініі; захаванне класічных прапорцый і сіметрыі; спакойныя прастакутныя формы і стрыманае, але ў той жа час разнастайнае афармленне;

— светлыя прасторы: часцей за ўсё выкарыстоўваюцца светлыя тоны і адценні і мяккая каляровая гама, якія ствараюць хатнюю абстаноўку і ў той жа час дазваляюць асвяжыць яе пры дапамозе акцэнтаў», — гаворыцца ў аб'яве.

Падлога — паркет Coswick, увесь першы паверх з водным падагрэвам. Лесвіца зробленая з ясеню. Сантэхніка і душ прывезеныя з Англіі, шпалеры вытворчасці Бельгіі і Германіі. «Мэбля і дэталі інтэр'ера — усё імпартавана пад дэкарыраванне катэджа», — адзначаюць гаспадары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?