Тэкст, прыведзены ніжэй, я напісаў на пачатку лютага. Напісаў і паклаў «у стол». Чаму так? З аднаго боку, хацелася, каб людзі даведаліся пра хібы, якія ўтрымлівае першы том «Истории белорусской государственности». З другога боку, нешта не давала мне апублікаваць гэты тэкст. Можа, верыў, што самі навукоўцы, якія напісалі «грунтоўную працу», убачаць свае памылкі і папросяць прабачэння ў чытачоў. Але прайшоў час, і нічога не адбылося.

А сёння прачытаў артыкул спадара Алега Трусава ў «Нашай Ніве», які напісаў: «У цэлым жа аўтары першага тома (дарэчы, ужо выйшаў і другі том) паказалі, што беларуская акадэмічная гістарычная навука зрабіла значны крок у сваім развіцці». Прачытаў гэта і вырашыў, што не толькі большасць людзей адарваныя ад навукі (бо зараз грамадству не патрэбна нічога, акрамя сенсацый, якія ў сваю чаргу з радасцю пастаўляюць СМІ і кіраўнікі навуковых устаноў, каб атрымаць хайп), але і большасць навукоўцаў адарваныя ад таго, што адбываецца ў суседняй вобласці. Таму і ўзнікае часам ненавуковасць у навуковых выданнях. Каб атрымаць чарговую ўзнагароду, некаторыя навукоўцы гатовыя пісаць пра ўсё — ад Адама да Садама. У выніку атрымліваецца «Истории белорусской государственности».

16 студзеня, падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, Нацыянальная акадэмія навук прэзентавала першы том «Истории белорусской государственности». Першы з пяці тамоў выйшаў у выдавецкім доме Беларуская навука тыражом 500. Тыраж невялікі, але абяцалі надрукаваць новыя асобнікі.

Першае, што ўражвае, — гэта калектыў аўтараў, сярод якіх такія асобы, як член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.А. Каваленя, дырэктар і намеснік дырэктара Інстытута гісторыі В.В. Даніловіч, В.Л. Лакіза, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта І.Ф. Кітурка і шмат іншых дактароў, кандыдатаў навук. Усяго 29 навукоўцаў з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова. Уражвае і склад рэдакцыйнай калегіі. Адказнымі рэдактарамі тома з’яўляюцца вядомыя беларускія гісторыкі — дактары навук, прафесары В.Ф. Голубеў і В.М. Ляўко.

І пакуль аўтары распавядалі, наколькі гэта ўнікальнае выданне для Беларусі, а патэнцыйныя чытачы цікавіліся, чаму ж такое фундаментальнае і неабходнае выданне друкуецца на рускай мове, а не на беларускай, мяне цікавіла зусім іншае. Хацелася хутчэй набыць гэты том і для асабістай бібліятэкі, і ў якасці падарунка для замежных калег. Бо некаторыя кнігі, як я лічу, павінны быць у кожным доме і стаяць амаль побач з іконамі (ці замест іх). Такім выданнем павінна была стаць і «История белорусской государственности». Павінна была, але не стала. Прынамсі для мяне.

Калісьці я займаўся археалогіяй. Асабліва мяне цікавіў каменны век. Натуральна, што як толькі выданне трапіла мне ў рукі, то я адразу пачаў праглядаць адпаведны раздзел. Сказаць, што я быў шакаваны, нічога не сказаць. Першая думка была — абдрукоўка. Але больш дэталёвы прагляд паказаў, што гэта была не абдрукоўка.

Хаця ёсць і абдрукоўкі (так, на стар. 70 мы можам даведацца пра азёры «старинного типа». Верагодна, меліся на ўвазе азёры «старичного типа»). На жаль, у сучаснай навуковай літаратуры абдрукоўкі сустракаюцца. Часам нават добра вычытаны тэкст «ляціць», калі яго пераводзіш з аднаго фармату ў другі. Але адна справа, калі ты пішаш для навукоўцаў, якія без праблем заўважаць гэту абдрукоўку сярод усяго тэксту. Зусім іншая справа — грунтоўная праца, што разлічана на шырокае кола чытачоў, якая мусіла быць бездакорнай, бо прэзентавалася як «выдатная якасная кніга, якая як належыць падае гісторыю беларускай дзяржаўнасці».

Адразу папярэджу, што я хацеў бы паразмаўляць аб невялікай частцы манаграфіі, а менавіта аб каменным веку. Пазнейшыя перыяды я пакіну іншым.

Першыя пытанні ўзнікаюць, калі чытаеш, як аўтары прэзентуюць сваю працу: «У кнізе ўпершыню прааналізаваны працэсы засялення тэрыторыі Беларусі…» — піша В.Ф. Голубеў. Хочацца спытаць: а ці ведаюць аўтары манаграфію А.Г. Калечыц «Первоначальное заселение территории Белоруссии», якая пабачыла свет ў 1984 годзе? Пэўна, павінны ведаць, хаця б таму, што Алена Генадзеўна з’яўляецца адным з аўтараў «Истории белорусской государственности» і доўгі час займалася і зараз займаецца праблемай першапачатковага засялення Беларусі.

Другой праблемай, на мой погляд, з’яўляецца тое, што манаграфія калектыўная. Тэкст пісалі некалькі аўтараў, інфармацыя ўзятая з розных крыніц. Гэта нармалёвая практыка. У іншай сітуацыі гэта было б толькі на карысць. Але не ў гэты раз. Адчуваецца, што аўтары працавалі кожны сам па сабе, без нейкага адзінага плана. Толькі на апошнім этапе часткі злучаліся разам з дапамогай клавіш Ctrl+C і Ctrl+V. А супольны тэкст не прыведзены да аднаго назоўніка. Гэта выклікае пэўныя складанасці ва ўспрыманні напісанага.

Яскравым прыкладам з’яўляюцца даты, прыведзеныя ў раздзеле пра мезаліт. Яны пададзены ў двух варыянтах ­— тыс. лет назад і тыс. до н.э. Каб перавесці адзін спосаб адліку ў другі, трэба адняць ці дадаць розніцу ў 2 тысячагоддзі. Падобныя задачкі прапануюць у школе дзецям. Але тут не школа, а навуковая праца, якая павінна даць абагульняючы вынік. І не зразумела, чаму за аўтараў гэта павінны рабіць чытачы.

Аб тым, што аўтары не апрацавалі тэкст першакрыніц, сведчыць і інфармацыя аб знешнім выглядзе адных з першых жыхароў Беларусі (стар. 81—83). Пры апісанні прыводзяцца дадзеныя — «черепной указатель 75 ед.», «носовые кости сильно выступали (330)», «черепной указатель 85,3 ед. против 81,7 ед.», «слабее выступающими носовыми костями (20), более широким носом (носовой указатель 55,8 ед.)». Усё гэта неабходна спецыялістам-антраполагам і арганічна выглядае ў артыкулах І.І. Салівон і В.У. Марфінай, на якія і спасылаюцца аўтары. Але падобная інфармацыя ў разгляданай манаграфіі выглядае дзіўнавата і не зусім зразумелай.

На стар. 59 можна са здзіўленнем прачытаць аб тым, што «Достоверные свидетельства о первоначальном заселении территории Юго-Восточной Беларуси относится только к среднему палеолиту (100—40 тыс. лет назад), о чем свидетельствуют находки орудий этого времени в Бердыже, около Светилович Ветковского р-на (остроконечник), Подлужье Чечерского р-на (скребло-нож), Обидовичи Быховского р-на (скребло)…». Можна прабачыць аўтарам выкарыстанне састарэлай тэрміналогіі ­— «скребло-нож» замест сучаснага «кайльмессер». Але цяжка паверыць у тое, што аўтары не ведаюць таго, што Падлужжа і Бердыж — гэта розныя назвы аднаго і таго ж помніка.

Некаторыя факты ў манаграфіі, якія падаюцца як актуальныя, насамрэч такімі не з'яўляюцца.

Помнік каля в. Юравічы названы паселішчам (стар. 61), гэта дзіўна, бо ў артыкуле 2008 г. за аўтарствам А. Калечыц, А. Матузка і В. Абухоўскага даследчыкі, прааналізаваўшы матэрыялы з помніка, прыйшлі да высновы: «Стало очевидным,что указанное место — это место забоя и разделки животных, а сама стоянка находится где-то неподалеку» (Калечиц Е.Г., Мотузко А.Н., Обуховский В.С. Юровичская позднепалеолитическая стоянка на р. Припять в свете новых данных // Человек, адаптация, культура. М., 2008, с. 39). Дарэчы, дадзены артыкул ёсць у вольным доступе ў інтэрнэце.

На стар. 68. можна прачытаць «Производство керамики (с греч. — глина) началось в 8—6-м тыс. до н.э. в Передней Азии, на Ближнем Востоке и Индонезии». У дадзеным выпадку размова ідзе менавіта пра вытворчасць керамічнага посуду. Але яшчэ раней (11—10 тыс. год да н.э.) керамічны посуд пачалі вырабляць на тэрыторыі Японіі і Далёкага Усходу (культура Дзёмон). І калі 10 год таму дадзеная інфармацыя была вядома вузкаму колу навукоўцаў, то зараз гэта агульнавядомы факт. Як кажуць у адным анімацыйным фільме: «У Вікіпедыі пра гэта багата».

Між тым шэраг сапраўды навейшай інфармацыі адсутнічае. Так, не пададзена аніякай інфармацыі аб адным з найцікавейшых помнікаў для фінальнага палеаліту Беларусі — Кавальцы 4, які мае адну з самых ранніх дат для нашай краіны.

Кідаецца ў вочы і афармленне спасылак. Вельмі часта спасылка даецца на самым пачатку нейкага тэматычнага блоку (гл. стар. 72). У гэтым выпадку даволі складана вызначыць, адкуль аўтары ўзялі той ці іншы фрагмент тэксту ці факт.

Пры гэтым дзіўным выглядае і тое, як напісаны ўласна спасылкі. Афармленне спасылак — адна з рэчаў, на якую рэдактары і рэцэнзенты звяртаюць асаблівую ўвагу. Ёсць шмат розных варыянтаў іх афармлення. Як бы там ні было, абавязкова павінна быць прозвішча аўтара, назва працы, год выдання і, калі рэч ідзе пра нейкі канкрэтны факт, нумар старонкі ці малюнка. Але вельмі часта мы сустракаем толькі прозвішча аўтара і назву працы. Пры гэтым не пазначаецца год выдання, не зразумела, гэта манаграфія ці артыкул, што выйшаў у нейкім часопісе ці зборніку (гл. стар. 68, 70, 74, 76, 80, 82, 84, 85 і г.д.).

Сярод іншых крыніц у тэксце вылучаецца спасылка на дапаможнік для студэнтаў — Колосов А.В. Каменный век Беларуси. Могилев, 2016. Я не хачу сказаць нічога дрэннага пра сам дапаможнік. Ён напісаны якасна, на высокім навуковым узроўні. І такіх прац не хапае ў сучаснай Беларусі. Але пісаць манаграфію, якая пазіцыяніруецца як фундаментальная і на аснове якой павінны пісацца дапаможнікі і падручнікі, на аснове дапаможнікаў для студэнтаў выглядае неяк дзіўна. А што далей? Навукоўцы з Акадэміі навук пачнуць спасылацца на школьныя падручнікі?

Некаторыя рэчы, напісаныя ў манаграфіі, не паддаюцца тлумачэнню. Яны ці на мяжы фантастыкі, ці проста паказваюць, што аўтары не ведаюць матэрыял:

стар. 68. «Керамика раньше всего появляется на севере Европы» — калі першая кераміка з’явілася ў Пярэдняй Азіі і на Блізкім Усходзе, то не зразумела, чаму ў Еўропе яна ўпершыню з’явілася на поўначы.

стар. 69. «В начале атлантического периода, когда на территории Беларуси проживали группы охотников и собирателей позднего мезолита, уровень воды был низким. Но в середине периода (атлантик-2) и в начале суббореала в реках и озёрах происходит резкий подъем воды. Многие неолитические поселения, расположенные на низких берегах, впоследствии оказались затопленными» — якраз так і адбываецца паніжэнне ўзроўню вады ў азёрах. З-за гэтага неалітычнае насельніцтва вымушана было спускацца на больш нізкія тэрыторыі бліжэй да вады. І толькі ў пазнейшыя часы ўзровень вады стаў вышэйшы. Дзякуючы чаму мы зараз маем унікальныя тарфяныя паселішчы, дзе захаваліся арганічныя рэчы эпохі неаліту і пачатку бронзавага веку. У тым ліку і мастацкія вырабы. Але ні ў якім разе не выявы выдры, мядзведзя і рыб, як гэта паведамляецца на стар. 77.

Ёсць яшчэ шмат няправільна пададзеных фактаў ці інфармацыі, якая не даказана ці не ўласціва нашым помнікам. Але самай буйной недакладнасцю з’яўляецца тое, што пры апісанні ўсвяцкай культуры падаецца характарыстыка паўночнабеларускай. Гэтага можна было б пазбегнуць хаця бы прачытаўшы першы том «Археалогіі Беларусі», які, між іншым, узгадваецца ў манаграфіі і на які перыядычна спасылаюцца аўтары.

У межах Інстытута гісторыі штогод выходзяць новыя манаграфіі і артыкулы, якімі сапраўды можна ганарыцца. Працы, якія ўваходзяць у навуковую скарбонку не толькі беларускай, але і сусветнай навукі. На вялікі жаль, першы том «Истории белорусской государственности» такой працай не стаў. Я не хачу сказаць, што ўся манаграфія дрэнная. Упэўнены, што большая частка напісана на высокім навуковым узроўні. Але калі ў бочку з мёдам патрапіць хоць адна лыжка не вельмі добрага рэчыва, такую бочку трэба выкідаць.

Некаторыя аўтамабільныя фірмы часам адклікаюць назад на завод велізарныя партыі сваёй прадукцыі з-за невялікай, як нам падаецца, дробязі. Але за гэтай дробяззю стаіць гонар фірмы і павага да спажыўца. Чым нам адкажа Інстытут гісторыі? Невядома.

Апошняе, аб чым бы хацелася нагадаць, што манаграфія падрыхтавана ў межах выканання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства» на 2016—2020 гг.

P.S. Вельмі шкада, што галоўная ўвага ўсіх звернута на знешні выгляд выдання — што манаграфія выдадзена на рускай мове. Нікога не цікавіць, што напісана. Але мы самі вінаватыя ў гэтым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?