Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным выказаў зацікаўленасць у падтрымцы Расіяй развіцця ў Беларусі некаторых відаў спорту.

Ён агучыў адпаведную просьбу на прыкладзе фігурнага катання, адзначыўшы, што ўсе базы і асноўныя школы ў часы СССР былі менавіта на тэрыторыі Расіі. Цяпер яны не толькі атрымалі далейшае развіццё, але і пераўзышлі ранейшы ўзровень. «У Расіі празмерная колькасць калі не трэнераў, то спартсменаў дакладна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што многія таленавітыя спартсмены, якія ў Расіі на нацыянальным узроўні займаюць месцы па-за прызавой тройкі, не маюць магчымасці ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. «Паколькі ў нас вакансій у Беларусі дастаткова, маглі б гэтыя хлопцы выступаць і за Беларусь, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы просім, каб спектр расіян быў большы тут. Няхай выступяць за Беларусь. Ну а калі яны падрыхтуюцца, то хай і канкуруюць з расійскімі вядучымі зоркамі».

«Тое ж самае і па трэнерах, асабліва па спецыялістах. Мы даем дастаткова лёду, калі казаць пра фігурнае катанне, — дадаў беларускі лідар. — Нядрэнна было б, калі б расіяне падзяліліся талентамі, каб падняць гэты спорт на адпаведны ўзровень».

Беларусь таксама зацікаўлена ў падтрымцы расійскага боку ў развіцці фехтавання.

«Што тычыцца іншых напрамкаў, — мастацтва, навукі і іншага, — там яны (беларусы і расіяне. — заўв. Рэд.) пратапталі адзін да аднаго дарогу», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0