Фота з Вікіпедыі

Швейцарскі акцёр Бруна Ганц памёр у сваім доме ў Цюрыху. Яму было 77 гадоў.

Ганц атрымаў шырокую папулярнасць у 1970-я гады і да канца жыцця быў запатрабаваны ў кінематографе. Слава прыйшла з фільмам «Неба над Берлінам». Яго апошняй працай стала роля ў трылеры Ларса фон Трыера «Дом, які пабудаваў Джэк», які выйшаў у 2018 годзе (ён сыграў Вергілія). З 1996-га швейцарац быў уладальнікам Пярсцёнка Іфланда — дыяментавага пярсцёнка, уладальнік якога мае права перадаць яго найлепшаму, на яго думку, нямецкамоўнаму акцёру.

Беларускаму гледачу Ганц вядомы па фільме «Бункер» 2004 года, у якім ён сыграў Адольфа Гітлера. Эпізод з гэтай кінастужкі, у якім правадыр Трэцяга рэйха ў выкананні швейцарца разумее, што вайна прайграна, прыходзіць у шаленства і ўчыняе сваім паплечнікам разнос, стаў асновай для шматлікіх пародый. Сцэну пераагучвалі і дадавалі ў яе жартоўныя субтытры, каб здавалася, быццам бы фюрэр рэагуе на нейкую сітуацыю ў рэальным свеце.