У матэрыялах «справы БелТА» ёсць інфармацыя, атрыманая сілавікамі з тэлеграм-акаўнта рэдактара Tut.by Дзмітрыя Бобрыка — праз яго акаўнт сілавікі атрымалі доступ да рэдакцыйных чатаў.

Пра гэта стала вядома падчас судовага паседжання, адзначае сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Дзмітрый Бобрык кіруе раздзелам «Фінансы» на Tut.by

Дзмітрый Бобрык кіруе раздзелам «Фінансы» на Tut.by

Чытайце. Журналіст Tut.by Дзмітрый Бобрык: Падчас допыту ў Следчым камітэце мяне шантажом завербавалі

Якім чынам сілавікі змаглі атрымаць доступ да акаўнта? Лічыцца ж, што Тэлеграм гарантуе канфідэнцыйнасць перапісак. Таму давайце разбяромся. 

Сайт БАЖ паведамляе, што ў справе фігуруе перапіска размоваў, якія адбыліся ўжо пасля падзей 7 жніўня, калі пачаліся затрыманні. 

Таму першай і найбольш імавернай версіяй выглядае тое, што сілавікі ўвайшлі ў акаўнт Бобрыка праз канфіскаваную тэхніку, а ён па нейкіх прычынах не заўважыў актыўных сесій з іншай прылады і не адключыў іх [Тэлеграм, як і некаторыя іншыя месенджары, дае магчымасць адсачыць актыўныя падключэнні — Рэд.].

Сыходзячы з гэтай версіі, можна падумаць, што журналіст не надта пераймаўся запарольваннем і шыфраваннем інфармацыі на сваіх дэвайсах. 

Другая ж імаверная версія прадугледжвае больш актыўны ўдзел сілавікоў. Справа ў тым, што прывязка тэлеграма да нумара тэлефона дае сілавікам магчымасць залезці ў акаўнт.

Як працуе гэты алгарытм? Следчыя абгрунтоўваюць сваю павышаную ўвагу да пэўнай персоны перад пракурорам, і той дае дабро на такое канфідэнцыйнае назіранне. Пры наяўнасці санкцыі пракурора і пасля запыта аператыўніка, мабільны аператар не можа адмовіцца прадаставіць сілавікам у аператыўных мэтах клон сім-карты, да якой можа быць прывязаны тэлеграм-акаўнт.

Умоўна кажучы, уначы, калі чалавек хутчэй за ўсё спіць, з клона сім-карты сілавікі могуць зайсці ў акаўнт і выгрузіць усю патрэбную інфармацыю. Далей яны могуць як выйсці з акаўнта, так і застацца ў ім, чытаючы перапіску ў рэжыме рэальнага часу.

Падобныя прэцэдэнты фіксаваліся ў Расіі, калі сілавікі пераследавалі паплечнікаў Аляксея Навальнага.

Засцерагчыся ад такога ўваходу можна, паставіўшы ў наладах прыватнасці падвойную аўтарызацыю — гэта азначае, што пры спробе зайсці ў тэлеграм з якой-небудзь прылады трэба будзе ўвесці дадатковы пароль. 

Трэці варыянт прадугледжвае, што стваральнікі праграмы перадалі інфармацыю па запыце беларускіх сілавікоў.

Прынцыповая рэч у тым, што невядома, дзе і кім насамрэч захоўваецца інфармацыя, перададзеная праз Тэлеграм — напрыклад, на Захадзе мала давяраюць праграме, створанай грамадзянінам Расіі Паўлам Дуравым. Месенджар папулярны толькі ў некаторых постсавецкіх краінах, а таксама ў шэрагу азіяцкіх аўтакратый.

Варта дадаць, што і астатнія месенджары не даюць стопрацэнтнай гарантыі таго, што інфармацыя ў выніку не трапляе да спецслужбаў.

Тэлеграм раней заяўляў, што адмовіўся ад сваёй палітыкі безумоўнай ананімнасці і будзе прадастаўляць сілавым органам інфармацыю аб карыстальніках — але гаворка, нібыта, толькі пра ІР адрасы і ў выпадках выразных доказаў тэрарызму. Усе выдадзеныя дадзеныя абяцаюць апублічваць раз на паўгода. 

Сам Дзмітрый Бобрык пакуль не пракаментаваў сітуацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?