На світанні 19 снежня супынілася сэрца знакамітай Ніны Мацяш, асветніцы, паэткі, чые глыбока чалавечныя, пранікнёныя творы сталi праграмнымi. Белаазёрск, дзе жыла і стварала Ніна Язэпаўна, а з ім разам уся Берасцейшчына, сталіца, ‑‑ планета людзей, улюбёных у творчасць чарадзейкі слова, правялі яе 20 снежня ў апошні шлях.

Ніна‑Ніначка! Звяртаюся да Цябе як да жывой. Не толькі таму што ў маёй памяці Ты напэўна самая жывая з усіх жывых (і не таму што зусім нядаўна, 17 снежня, мы сустрэліся, выступалі ў Белаазёрску ў каледжы, дзе было так утульна; развітваліся ж увечары, здавалася, ненадоўга), а й таму што душа несмяротная, неўміручае тое, што здзейснена магутным талентам, красою і сілаю паэзіі.
Дар гармоніі, пра які так дасканала сцвярджаў Уладзімір Калеснік, быў дадзены Табе Ўсявышнім. Успамінаецца пушкінскае: «Душа в заветной лире…»

На зямлі ж ніхто не вечны. Чалавек нарадзіўся – над ім існуе пагроза смерці. Вось і Ты, Ніначка, адчула яе ледзяное дыханне яшчэ 35 гадоў таму, калі апынулася ў аўтааварыі, дзе загінула сястра Люба. Ты з цяжкай траўмай доўга ляжала ў шпіталі: костка зрасталася марудна. Тое выпрабаванне лёсу, як і ўсе далейшыя яго ўдары, перажывала з уласцівай мужнасцю і годнасцю.

Цяпер падумалася: які ні суровы,

жорсткі Твой лёс, але тады ён збярог Цябе, маладую, для прыгожага пісьменства, для Бацькаўшчыны,
каб разгарнула шматабяцальны свой талент. І 35 гадоў‑імгненняў скарыстаны найлепшым чынам: нішто не пушчана на вецер. Яскравы прыродны талент і сялянская працавітасць далі каласальны плён – амаль 40 кніжак. За вячэрай памінальнай Твая верная сяброўка, навукоўца і выкладчыца Марыя Новік назвала Цябе, амаль усё жыццё прыкутую да інваліднай каляскі, самай рухомай, самай рухавай, трапна заўважыла, што Твае слабенькія ручкі тварылі цуды. А збалелае сэрца клапацілася не пра сябе – пра людзей. Так, Ніначка, так яно і было. У бліжэйшыя дні збіралася паспачуваць паслу Украіны ў Беларусі Ігару Ліхавому, у якога заўчасна памёр брат, даперакласці вершы валынянкі Н. Горык, а 19 снежня павіншаваць з юбілеем В. Стралка. Але святочнай раніцай не прачнулася. Ты любіла людзей самаахвярна. Адну з кніжак так і назвала: «Я вас люблю» Твая любоў – узаемная.
Я не раз у Белаазёрску быў сведкам людскога паломніцтва: Ты сталася нацыянальнаю Меккай. Вось і на апошнюю сустрэчу‑развітанне з Тваім абаяльным чалавечым вобразам з’ехаліся і сышліся з Берасцейшчыны і сталіцы, высыпалі з кватэр белаазёрцы.
Людзі запоўнілі Палац культуры, засыпаючы Цябе ружамі, гваздзікамі, хрызантэмамі, царкву, дзе атулялі Цябе сэрцамі агеньчыкаў запаленых свечак, слухалі малітвы неардынарнага святара Ігара, яго мудрыя і праніклівыя словы пра Цябе, потым абкружылі труну на новых могілках, дзе Ты адышла ў свае цёмныя ночы, каб вярнуцца ў вечнае святло…
Прафесар з Берасця Генадзь Праневіч за той самай горкаю вячэрай, дзе таксама было людна, назваў Цябе святою, роўнаапостальнаю Нінай за Тваю падобную на апостальскую дзейнасць на зямлі.
Ты ўвайшла ў кагорту Багдановіча, Геніюш, Цёткі ды самой Еўфрасінні Полацкай. Пра Тваю непараўнальна‑высокую постаць і цудадзейна‑гаючы ўплыў на душы людзей красамоўна выказваліся У. Някляеў і А. Вярцінскі,Г. Скарына i С. Варонiк, А. Хатэнка і М. Скобла, М. Пракаповіч і В. Стралко, М. Жуковіч і У. Васілевіч і яшчэ многія‑многія‑многія. Кампазітар з Янава В. Перапёлкін, Твой і мой сябра, рускі па нацыянальнасці, прызнаўся, што дзякуючы Табе сталася для яго любімаю беларуская мова, з якою ніколі не расстаецца.

Верыцца ў тое, што Тваё імя атрымаюць вуліца, бібліятэка, музей. Будуць і помнікі. Хоць сама стварыла непараўнаны помнік сваёй высокамастацкай, высокамаральнай, высокадухоўнай спадчынай.

Любая Ніначка! Слёзы развiтання не замiнаюць сардэчна падзякаваць Табе, што так шчодра адарыла мяне не адным дзесяткам гадоў блізкага сяброўства, яго вышэйшай ступенню. Я ніадкуль і ні ад кога не адчуў столькі святла, цеплыні, шчырае ласкі. Успамінаю, мы пазнаёміліся ў Доме творчасці Каралішчавічы ў 1967‑м годзе на семінары, арганізаваным Анатолем Вярцінскім. Там жа спаткаліся і пазней.

Аднаго разу ад сталоўкі да асноўнага корпуса Цябе нёс на руках па заснежаным асфальце Анатоль Ільіч. Я прапанаваў падмогу, і ён даверыў мне святую жывую ношу. А я ўмудрыўся ступіць на лёд, спатыкнуўся, добра, што не ўпаў, а стаў на калена і мякка прызямліў Цябе. Прашу дараваць мне,
калі што яшчэ было не так з майго боку за 40 год нашых узаемінаў. Так будзе бракаваць на Зямлі Твайго ласкавага голасу, позірку, Тваёй усмешкі!

Хай жа лёгкаю будзе родная зямля Твайму збалеламу целу і дарога ў царства на нябёсах – чыстай душы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?