Сёння Еўрапарламент і Рада Еўропы дасягнулі папярэдняй дамовы па прапанове Камісіі па мадэрнізацыі візавай палітыкі ЕС. Акрамя спрашчэння працэдуры атрымання візы, змены ўключаюць у сябе і падаражанне шэнгенскай візы з 60 да 80 еўра. Tut.by разбіраўся, ці значыць гэта, што «шэнген» для беларусаў падаражэе да 80 еўра ў хуткім часе.

Фота: Дзмітрый Брушко, Tut.by.

Фота: Дзмітрый Брушко, Tut.by.

Новая візавая палітыка ЕС уключае ў сябе некалькі важных пунктаў. Як тлумачыцца на сайце Еўракамісіі, адзін з іх — больш гнуткія працэдуры па атрыманні візы. У прыватнасці, вандроўнікі змогуць падаваць свае заяўкі за 6 месяцаў да запланаванай паездкі (9 месяцаў для маракоў) замест бягучых 3 месяцаў, і ў большасці выпадкаў — непасрэдна ў краіне свайго пражывання. Непаўналетнія ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў могуць быць вызваленыя ад платы за візу.

Таксама плануецца, што будуць выдавацца шматразовыя візы з больш доўгім тэрмінам дзеяння: дзякуючы ўвядзенню агульных абавязковых правілаў, частыя турысты са станоўчай гісторыяй віз могуць атрымаць шматразовую візу з тэрмінам дзеяння ад 1 года да 5 гадоў.

Але самае важнае змяненне закране кошт шэнгенскай візы — яна падаражэе з 60 да 80 еўра.

Новыя правілы ўступяць у сілу яшчэ не хутка — працэдура даволі працяглая. Сёння пагадненне было пацверджана дзяржавамі-сябрамі ЕС і цяпер павінна быць ухвалена таксама Еўрапейскім парламентам. Пасля гэтага Еўрапейскі парламент і Рада павінны афіцыйна прыняць узгодненыя змены (гэта адбудзецца ў бліжэйшыя месяцы). Пасля гэтага прыняты тэкст будзе апублікаваны ў афіцыйным часопісе Еўрапейскага Саюза, і толькі праз 6 месяцаў пасля апублікавання новыя правілы ўступяць у сілу.

Да таго ж сёння Беларусь і ЕС амаль дасягнулі дамоўленасці аб спрашчэнні візавага рэжыму. Кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын заявіла, што ў гэтым пытанні «застаўся апошні крок».

Пасля падпісання гэтага дакумента, нагадаем, кошт «шэнгену» для беларусаў знізіцца да 35 еўра (пры афармленні візы ў пасольстве). Нават калі новыя візавыя правілы ЕС паспеюць уступіць у сілу раней, то пасля падпісання пагаднення кошт шэнгенскай візы для беларусаў знізіцца з 80 да 35 еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0