Былы генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн упэўнены, што ў планах Расіі далучыць Беларусь і наблізіцца да межаў Заходняй Еўропы. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю Liga.net.
Андэрс Фог Расмусэн, фота: Liga.net.
«Ключавая рызыка — гэта паўтор у Беларусі ўкраінскага сцэнарыя з вайной і анексіяй. Гэтую краіну чакае такі сцэнар, калі яна не пачне рэфармавацца», — сказаў Расмусэн.
Ён параіў беларусам пачаць рэформы, каб прыйсці да дэмакратыі і свабоды, «каб засцерагчыся ад агрэсіі расіян».
«Толькі гэтыя рэчы створаць абарону ад расійскай агрэсіі», — падкрэсліў былы генеральны сакратар Альянсу.
Па словах Расмусэна, ён добра памятае заявы расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пра тое, што Беларусь павінна быць уключана ў «вялікую рускую дзяржаву», і гэта вельмі падобна на незаконную анексію ўкраінскага Крыма.
«І я б хацеў, каб Беларусь атрымлівала больш дапамогі ад Захаду. Але нам трэба бачыць пераарыентацыю Беларусі да свабоды і дэмакратыі», — адзначыў ён.
Пры гэтым экс-кіраўнік НАТА заяўляе, што Аляксандр Лукашэнка не хоча рэфармаваць краіну і рухацца на Захад.
«Так, ён не хоча. Але таксама Лукашэнка не жадае жыць пад прыгнётам Пуціна. Яму трэба выбраць: альбо рэформы, альбо пастаянны прыгнёт расіян», — рэзюмаваў Расмусэн.