Трынаццаць іерархаў хрысціянскіх Цэркваў у Іерусаліме скіравалі вернікам усяго свету экуменічанае пасланне на Божае Нараджэнне. Дакумент падпісалі тры іерархі (каталіцкі, грэка‑праваслаўны і армянскі), кусташ Святой Зямлі, пяць арцыбіскупаў і чатыры біскупы. Аўтары паслання падкрэслілі, што вызнаўцы Хрыста перад абліччам сусветнага крызісу павінны з яшчэ большаю ўвагай і перакананнем думаць пра Езуса — Дзіцятка, якое нарадзілася ў бэтлеемскай стайні.

Сэрца чалавека часта напоўнена змрокам, які можна рассеяць, скіроўваючы свае думкі да Езуса і разважаючы пра Яго прышэсце на зямлю. «Перажываючы чарговае Божае Нараджэнне, — чытаем у пасланні, — мы павінны паказаць сучаснаму свету, што Езус з’яўляецца святлом, якое рассейвае змрок. У Яго бляск, які ніколі не згасае, мы павінны ўтаропіць свае вочы, калі вакол нас будуць згушчацца цёмныя хмары няпэўнасці».

З клопатам гледзячы на сітуацыю ў Святой Зямлі, іерархі хрысціянскіх Цэркваў нагадалі лідэрам сусветнай палітыкі, што сапраўдны супакой запануе толькі тады, калі мы пачнем думаць па Божаму і рэалізоўваць Божую волю.

У пасланні падкрэсліваецца, што хрысціянін павінен быць не толькі чулым да людскога цярпення, якое мы бачым у галодных, беспрацоўных, бяздомных, але перадусім прычыніцца да таго, каб выключыць гэтыя сітуацыі з жыцця сучаснага грамадства.

Екуменічнае пасланне на сёлетняе Божае Нараджэнне завяршаецца малітваю аб святле, праўдзе і супакоі ў жыцці кожнага чалавека, у сем’ях і ў міжнародным грамадстве.

catholic.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0