Фота з твітара Уладзіміра Чудзянцова
На галоўным уваходзе ў чыгуначны вакзал шыльду на рускай мове памянялі на беларускамоўную і англамоўную. З чым гэта звязана і як плануюць змяняць тут інфармацыйную навігацыю ў далейшым, распавялі ў Беларускай чыгунцы.
«Замена шыльды была звязана з прывядзеннем у адзінае моўнае афармленне інфармацыйнай інфраструктуры будынка вакзала. Як можна заўважыць, з моманту адкрыцця на яго фасадзе ўстаноўлены надпіс «Чыгуначны вакзал», а па суседстве знаходзіцца будынак білетных кас, таксама з беларускамоўным найменнем, — растлумачыў начальнік станцыі Мінск-Пасажырскі Віктар Нізохін.
Па яго словах, найбліжэйшыя паказальнікі са словам «Вакзал» (на вуліцах Кірава і Вакзальнай) таксама на беларускай мове.
Мадэрнізацыя сістэмы візуальнага арыентавання на чыгуначным вакзале будзе працягнута, адзначыў начальнік станцыі. У прыватнасці, на беларускамоўныя заменяць паказальнікі, размешчаныя над уваходам у касы з боку Прывакзальнай плошчы.