Фота Сяргея Гудзіліна
Якія выбары ў Беларусі пройдуць першымі — прэзідэнцкія або парламенцкія — у ЦВК пакуль не ведаюць, пра гэта Лукашэнка абвесціць у красавіку падчас паслання да народа і парламента. Пра гэта падчас інтэрнэт-відэабрыфінгу на сайце Нацыянальнага прэс-цэнтра заявіла кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына, піша Tut.by.
— Закон не забараняе сумяшчаць дзве кампаніі, але ў нас склалася практыка, што прэзідэнцкія выбары не сумяшчаюцца ні з якой іншай кампаніяй. Нейкая з кампаній будзе ў гэтым годзе, нейкая — у 2020. Інтрыга ў тым, што ніхто не ведае, калі пройдуць якія выбары і якія будуць першымі. ЦВК не валодае інфармацыяй пра гэта, таямніца будзе адкрыта падчас канстытуцыйнага паслання кіраўніка дзяржавы ў красавіку. На ўсялякі выпадак мы рыхтуемся да дзвюх кампаніяй, — заявіла Ярмошына.
Выбары ў парламент, нагадаем, абвяшчае прэзідэнт, прэзідэнцкія выбары — парламент.
— Хутчэй за ўсё выбары будуць не ўлетку, а ўвосень, гэта значыць абвешчаныя яны будуць у красавіку, вясной. Калі б у мяне спыталі, я б акрэсліла нядзелю — 1 снежня, — заявіла Ярмошына, не ўдакладніўшы, пра якія выбары ідзе гаворка.
Нагадаем, па календары абедзве будучыя выбарчыя кампаніі — прэзідэнцкія і парламенцкія — траплялі на 2020 год. Улада раней заяўляла, што сумяшчаць выбары ніхто не будзе. Лідзія Ярмошына патлумачыла гэта так: сумяшчэнне кампаній «багата шматлікімі моцнымі палітычнымі турботамі». Лукашэнка і зусім назваў гэты будучы перыяд «вакханаліяй». Год таму кіраўнік ЦВК ідэальным часам для першых выбараў называла лістапад 2019 года.