Ад сённяшняга дня спыніла вытворчасць акцыянернае таварыства «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы».

Калектыў прадпрыемства, акрамя дзяжурных службаў, сыходзіць у адпачынак.

На фабрыцы цяпер працуе амаль 1200 чалавек. Нявыкарыстаны адпачынак альбо частку яго мае прыкладна траціна калектыву.

Астатнія пойдуць у вымушаны адпачынак з захаваннем дзьвюх трацінаў заробку — з разліку сярэднямесячнай стаўкі ў памеры 220 тысяч рублёў.

Калядна‑навагоднія вакацыі «Героя працы» распачатыя не ад добрага жыцця. Да гэтага спрычыніўся фінансавы крызіс, які істотна паўплываў на збыт папяровай прадукцыі.

Намесніца генеральнага дырэктара фабрыкі ў пытаннях эканомікі Таццяна Цвердакова так патлумачыла нашаму радыё сітуацыю, якая склалася на прадпрыемстве:

«Спыняемся: няма спажыўцоў. На склад не можам класці прадукцыю, бо замарожваюцца абаротныя сродкі і ўсё іншае. Мы на экспарт адгружалі прадукцыю ва Украіну і Расію.
Цяпер Украіна адмовілася ад нашай прадукцыі ў сувязі з абвалам курсу грыўні. А Расія — яны ж таксама на канікулы сыходзяць».

Як стала вядома, адпачынкі й вакацыі будуць цягнуцца на папяровай фабрыцы да 12 студзеня. Аднак ніхто не бярэцца цяпер прагназаваць, як зменіцца сітуацыя да таго часу.

***

Папяровая фабрыка ў Добрушы заснаваная яшчэ ў 1870 г. Гэта горадаўтваральнае прадпрыемства, якое дае асноўную частку паступленняў у мясцовы бюджэт. Сярод прадукцыі — школьныя і агульныя сшыткі, блакноты, папера для пісьма, малявання м чарчэння.

Тут асвоена тэхналогія вырабу паперы з адкідаў вытворчасці «тэтра‑пак» і ламінаванага кардону.

Сёлета фабрыка пачала выпускаць прадукцыю з тэрмапаперы, у тым ліку паперу для факсаў, стужкі для тэрміналаў і банкаматаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?