На мінулым тыдні ў праваахоўных органаў узніклі пытанні да кіраўнікоў ветэрынарнай службы Беларусі. Як высветліў Tut.by, ніводнага з іх няма на працоўным месцы. І ў кожнага свая прычына.

«На днях прапала з працоўных месцаў шмат людзей з сістэмы ветэрынарнага і харчовага нагляду. Аб прычынах невядома. Няма інфармацыі і пра іх цяперашні статус», — распавялі суразмоўцы.

У распараджэнні рэдакцыі ёсць прозвішчы службовых асоб, да якіх маглі ўзнікнуць пытанні. Паводле інфармацыі Tut.by, гэтыя службовыя асобы не затрыманыя, але на працоўных месцах іх няма. Мы паспрабавалі высветліць іх месцазнаходжанне і атрымаць каментар з першых вуснаў. У выніку атрымалася наступная карціна.

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іван Смільгінь з панядзелка знаходзіцца ў адпачынку. Смільгінь з'яўляецца яшчэ і галоўным дзяржаўным ветэрынарным урачом Беларусі. У адпачынак адбыў і яго намеснік Аляксандр Ляхоўскі. В.а. кіраўніка дэпартамента стаў Кірыл Глушчанка, які да гэтага быў намеснікам дырэктара. Ад іншых каментароў у дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду адмовіліся.

Начальнік упраўлення дзяржаўнай ветэрынарнай інспекцыі Віталь Дубікоўскі 21 лютага пайшоў у адстаўку, сказалі ў дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду. Неўзабаве пасля званка Tut.by яго прозвішча знікла з тэлефоннага даведніка на сайце дэпартамента.

Дырэктар дзяржустановы «Беларускі дзяржаўны ветэрынарны цэнтр» Юры Піваварчык з мінулай серады знаходзіцца на бальнічным. «Магчыма, сёння бальнічны ўжо закрыюць», - сказалі ў цэнтры.

Па часе дадзеныя падзеі супалі з затрыманнем службовых асобаў «Белмытсэрвісу». Па словах адной з крыніц, пытанні паўсталі ў сувязі з пастаўкамі санкцыйнай прадукцыі праз Беларусь у Расію.

Аднак у галіны ёсць і ўнутраныя праблемы, у прыватнасці менавіта сельская гаспадарка не выконвае план па тэмпу прыросту аб'ёмаў сельгасвытворчасці.

Атрымаць аператыўны каментар у КДБ Беларусі і Мінсельгасхарчы не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0