Менскі раённы суд аштрафаваў на 1020 рублёў (40 базавых велічыняў) абаронцу Курапат, старшыню «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча. Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні міліцыі падчас пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапат, піша «Радыё Свабода».

Эпізод, які разглядаў суд, адбыўся ўвечары 23 лютага. Дзяніс Урбановіч стаяў разам зь іншымі пікетоўцамі каля брамы рэстарацыі. Яны спынялі аўтамабілі і тлумачылі кіроўцам, чаму трэба байкатаваць забаўляльную ўстанову, разьмешчаную каля месца масавых расстрэлаў. Адзін з кіроўцаў выклікаў супрацоўнікаў ДАІ.

Вось што адбывалася пазьней, па словах сьведкі — супрацоўніка ДАІ Віталя Ваўчаніна:

«Мы склалі пратакол на Ўрбановіча. Чаму на яго? Бо ён пэўна там знаходзіўся, а мы папярэдзілі ўсіх, што яны парушаюць закон, адмаўляючыся сысьці з дарогі, але на заўвагу ніхто не адрэагаваў».

Ці зрабіў хто з супрацоўнікаў заўвагу непасрэдна Ўрбановічу? Адказаць на гэтае пытаньне судзьдзі Віктара Шаўцова сьведка ня змог: «Ня памятаю».

Іншы сьведка, міліцыянт Віктар Кунтыш таксама ня змог пэўна акрэсьліць віну Дзяніса Ўрбановіча, акрамя таго, што той «быў сярод пікетоўцаў і адмовіўся падпісваць пратакол аб правапарушэньні».

Яшчэ адзін сьведка, міліцыянт Сяргей Лукашанец сказаў, што на Дзяніса Ўрбановіча яму паказаў кіроўца, які патэлефанаваў у ДАІ.

«Што менавіта ён перашкаджаў праезду. Урбановіча папярэдзілі, што ён парушае, але ён застаўся на дарозе», — сказаў сьведка.

Між тым, паводле сьведкі — супрацоўніка ДАІ Віталя Сушчэні, Дзяніс Урбановіч пасьля складаньня пратаколу патрабаваньне міліцыянтаў выканаў: «Так, потым ён сышоў з дарогі на тратуар».

Што да Дзяніса Ўрбановіча, ён настойвае на тым, што да складаньня на яго пратаколу ад яго ніхто не патрабаваў сысьці з дарогі і не папярэджваў яго аб адказнасьці за непадпарадкаваньне. У судзе актывіст адмовіўся даваць паказаньні. Раней, у перапынку, ён гэтак распавёў журналістам пра тыя падзеі.

«Гэта няпраўда, што мяне папярэджвалі аб адказнасьці за непадпарадкаваньне. Было ўжо цёмна. Я бачыў, што да рэстарацыі прыехаў аўтамабіль ДАІ, але мне ніякіх прэтэнзій ніхто не выказваў, тым больш я нічога не парушаў».

Ноч з 25 на 26 лютага Дзяніс Урбановіч адбыў у ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Скарыны. На руку і тулава актывіста надзета гіпсавая павязка. Гэта наступства наезду на яго аўтамабіля каля рэстарацыі, інцыдэнт здарыўся 16 лютага. У актывіста падазраюць траўмы сярэдняй цяжкасьці. Ці дазволена міліцыянтам зьмяшчаць чалавека ў ізалятар у такім стане?

Гэтага Дзянісу Ўрбановічу ў міліцыі ніхто не патлумачыў. Па ягоных словах, у Менскім райаддзеле міліцыі ён прасіў выклікаць да яго лекара ці хуткую дапамогу, каб лекары яго агледзелі і далі дазвол на зьмяшчэньне ў ізалятар.

«У мяне ж з сабой не было абязбольвальных сродкаў, а рука і хрыбетнік баляць, раптам стане горш. Вось я і прасіў з гэтым разабрацца, але лекара да мяне так і ня выклікалі. Маю скаргу, відаць, проста выкінулі ў сьметніцу. Блізка да вечара запхнулі ў міліцэйскі аўтамабіль і павезьлі ў ізалятар. Ноч я фактычна ня спаў, бо ў камэры душна і ляжаць з гіпсам нязручна. Хрыбетнік яшчэ баліць», — сказаў Дзяніс Урбановіч.

25 лютага, Дзяніса Ўрбановіча выклікалі ў Менскае абласное ДАІ па накіраваньне на экспэртызу, якую меліся прызначыць на сёньня, 26 лютага.

«Але толькі выйшаў з дому, як аднаго ў гіпсе 5 амапаўцаў затрымалі і павезьлі ў Бараўлянскае аддзяленьне. Вось і ўся экспэртыза», — сказаў пра ўчорашняе затрыманьне абаронца Курапат Дзяніс Урбановіч.

За час пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим», з чэрвеня 2018 году, Дзянісу Ўрбановічу чатыры разы прысуджалі адміністрацыйны арышт. Агулам ён адбыў за кратамі ў менскім раённым ізалятары на вуліцы Скарыны 39 дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?